Свята гарадскога пасёлка Сураж, які ў мінулую суботу адзначыў 450-гадовы юбілей, стала ўрачыстасцю, якая ўвабрала ў сябе ўспаміны пра мінулае і мары пра будучыню, прыемныя сустрэчы з сябрамі і аднасяльчанамі. Атмасфера мерапрыемства была цёплай, душэўнай, напаўняла прысутных любоўю да роднага краю, сваёй зямлі. У суражан навідавоку кожны жыхар, яны ведаюць, хто чым дыхае, і кожны новы чалавек становіцца аб’ектам іх пільнай увагі, а дзеля таго, каб абмеркаваць падзеі ці аддацца ўспамінам, размовам пра блізкае і далёкае, прыемнае і балючае, сабіраюцца пад пышнымі кронамі дрэў на лавачках. На такіх лавачках і пад такімі магутнымі дрэвамі на адкрытай пляцоўцы ў цэнтры населенага пункта і пачалі размяшчацца тыя, каго чаканне свята раней часу выправіла за парог.

Хвіліны памяці пра вайну: ля штандарта Віталь Зыкін з піянерамі

У гэты дзень на ўрачыстасць паспяшаліся не толькі жыхары гарпасёлка, але і ўсе неабыякавыя да такой падзеі людзі з суседніх вёсак, абласнога цэнтра. Прыгожыя дэкарацыі, вясёлая музыка, кірмаш, выязны гандаль, выстава-продаж майстроў, дзіцячыя атракцыёны стваралі адметны настрой сярод прысутных, а сонечнае надвор’е таксама ў немалой ступені спрыяла правядзенню мерапрыемства. Але яшчэ больш сагрэліся людскія сэрцы ад слоў гасцей, запрошаных на свята. Словы віншавання адрасавала мясцовым жыхарам намеснік старшыні райвыканкама Ксенія Карабач. Яна акцэнтавала ўвагу на тым, што гісторыя гэтага краю непарыўна звязана з гісторыяй Беларусі ў цэлым.

— У час вайны суражане даказалі свой патрыятызм, мэтанакіраванасць, і дзякуючы гэтаму Сураж асацыюецца з вядомымі гістарычнымі імёнамі і асобамі. Пасёлак мае развітую інфраструктуру як для моладзі, так і для больш сталага пакалення, і яе развіццё будзе залежыць і ад вас, — сказала ў сваёй прамове Ксенія Мікалаеўна.

Звяртаючыся да публікі, цёпла павіншаваў яе са знамянальнай датай у гісторыі Суража старшыня мясцовага сельвыканкама Аляксандр Вялітчанка. Ён адзначыў, што сёння ў пасёлку ёсць усё неабходнае для паўнавартаснага жыцця, і галоўная задача — зберагчы гэта, а таксама палепшыць і ўдасканаліць якасць разнастайных паслуг. Улічваючы месцазнаходжанне Суража, ён выказаў спадзяванне, што населены пункт стане кропкай для развіцця аграэкатурызму, таму заклікаў добраахвотнікаў і ініцыятыўных асоб да сумеснага ўкаранення новага віду адпачынку.

Задуброўскі калектыў «Дубравушка»

У апошні час, з улікам вялікага працэнта людзей пажылога ўзросту, для іх пашырылася сфера паслуг. Так, звыш 200 чалавек ахоплены абслугоўваннем на даму. У пасёлку функцыянуе аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі і дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Адкрыта аддзяленне АУП “Віцебскаблпал”, што дае магчымаць забяспечваць насельніцтва палівам з дастаўкай на дом.  На высокім узроўні атрымоўваюць жыхары медыцынскае абслугоўванне ў амбулаторыі і аптэцы. Працуюць сярэдняя школа, дзіцячы сад, бібліятэка, дзіцячая школа мастацтваў, Дом культуры, пошта, пажарная аварыйна-ратавальная часць, лясгас, філіялы банка і ЖКГ. Гандлёвая сетка прадстаўлена трыма дзяржаўнымі, двума прыватнымі магазінамі. Раз на тыдзень у пасёлак накіроўваецца аўтамагазін з прадукцыяй Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, мясакамбіната.

На мерапрыемстве гаварылі пра тое, што суражская зямля шчодрая на працавітых, таленавітых людзей, моцная за кошт іх любові і патрыятызму, вернасці роднай Бацькаўшчыне. У жудасныя гады ваеннага ліхалецця многія жыхары папоўнілі рады Савецкай арміі і партызан, і тысячы землякоў аддалі свае жыцці за Радзіму. У памяць пра загінулых у гэтым населеным пункце ўзведзены абеліскі. Адказным момантам свята стала ўнясенне на канцэртную пляцоўку штандарта Суража. Такая пачэсная місія была даручана ўдзельніку баявых дзеянняў у Афганістане Віталю Зыкіну і піянерам.

Загадчыца дзіцячага сада Алена Шыцік прапануе салодкія пачастункі

Пра подзвігі ў Суражы сведчаць і назвы сямі вуліц, якім прысвоены імёны Герояў Другой сусветнай. Зараз у пасёлку — 26 вуліц. З вясны і да глыбокай восені яны “афарбаваны” яркімі колерамі садоў, духмянасцю клумбаў, якія ўпрыгожваюць падворкі сяльчан. На свяце прагучалі адрасы гаспадарлівасці, узорнага парадку і рукатворнай прыгажосці. Лепшыя з іх атрымалі падзякі сельвыканкама. Уладальнікі ўзнагарод лічаць, што пакуль ёсць сілы, чалавек павінен упрыгожваць сваю сядзібу, клапаціцца пра ўласны і агульны дабрабыт.

Святлана Кізева і Наталля Альхоўская

Мясцовае насельніцтва шчырай працай, адмысловымі талентамі піша сучасную біяграфію пасёлка. Гэтую аксіёму пацвердзілі тыя сем’і, якія былі адзначаны дыпломамі і падзякамі сельвыканкама за пераемнасць працоўных традыцый, узорнае выхаванне дзяцей і інш. Дарэчы, на 1 студзеня 2014-га ў пасёлку пражывала каля 900 чалавек, ён жыве і маладзее, калі нараджаюцца дзеці. Таму на мерапрыемстве прагучалі імёны немаўлятак, якія з’явіліся на свет у гэтым годзе: Цімафей Куруленка, Арцём Сухоцкі, Мікалай Варонька, Арцём Шапавалаў. Не абышлі ўвагай і старэйшых суражан, якім споўнілася 95 гадоў, — Валянціну Сакалову, Таццяну Волкаву.

Святочны настрой падаравалі прысутным калектывы мастацкай самадзейнасці Суражскага Дома культуры, сярэдняй школы, Шапуроўскага СДК, Зудуброўскага клуба, Бабініцкай ДзШМ і госці з экапасёлка “Звон-Гара”. Пасля ўрачыстай часткі мерапрыемства прадоўжылася ў літаратурна-музычнай гасцёўні мясцовай бібіліятэкі і завяршылася моладзевай дыскатэчнай праграмай у пасялковым Доме культуры.

Вольга Булаўка.
Фота аўтара.