Справядліва сказана, што пісьменнік жыве ў сваіх творах, мастак – у карцінах, скульптар – у створаных ім фігурах, а настаўнік – у думках і ўчынках людзей. У гэтым перакананыя педагогі Акцябрскай сярэдняй школы Людміла і Мікалай Талкачовы і іх дачка Аксана Мельнік.
Людміла і Мікалай Талкачовы, Аксана Мельнік
У многім у педагагічнай справе Талкачовым дапамагае іх былое месца працы ў мясцовым Доме культуры, якой на дваіх прысвяцілі 36 гадоў. Мікалай Васільевіч, закончыўшы Магілёўскі «культасвет», а Людміла Уладзіміраўна — Віцебскі, удзельнічалі ў адкрыцці Акцябрскага СДК. Як сапраўдныя энтузіясты сваёй справы, яны імкнуліся разнастаіць вясковае жыццё, зрабіць яго больш цікавым, змястоўным і насычаным. Гэтыя галоўныя аспекты знаходзіліся пад кантролем Мікалая Талкачова, які працаваў тут дырэктарам. А вось асноўныя задумкі сцэнарыстаў дапамагала ўвасабляць выканаўцам яго жонка — загадчыца дзіцячага аддзела. Кожны дзень, вечарамі, у выхадныя і ва ўсе святы яны знаходзіліся на рабоце. І нават дома ў іх нараджаліся свежыя ідэі, якія ў сваіх уяўленнях бачылі, як будуць інтэрпрэтавацца. Яны ведалі, што ад іх працы будзе залежыць, на якім узроўні пройдзе свята і якім яно застанецца ў душах гледачоў.
З усімі ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці сям’я Талкачовых знаходзіла агульную мову, натхняючы іх на творчасць і сцэнічнае мастацтва. Месца культурнага адпачынку, на думку Людмілы Уладзіміраўны і Мікалая Васільевіча, з’яўляецца неад’емнай часткай жыцця сяльчан, той выспай, дзе могуць атрымаць асалоду ад сустрэч з аднавяскоўцамі. Галоўны паказчык і вынік работы для іх — зіхатлівыя ад захаплення вочы і ўдзячныя ўсмешкі. Пэўныя аспекты сваёй культасветніцкай дзейнасці яны выкарыстоўваюць і ў цяперашняй школьнай рабоце. Завочна адвучыўшыся ў Віцебскім педынстытуце, Людміла Уладзіміраўна пачала выкладаць у Акцябрскай школе беларускую мову і літаратуру і ўкараняць у заняткі новыя метады і прыёмы. Праз некаторы час яна стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, затым — па вучэбнай. Адзін з накірункаў яе дзейнасці — складанне расклада школьных заняткаў. Цікавілася такой справай дачка Аксана, якая прыходзіла ў настаўніцкую пасля ўрокаў, нібы адчувала, што яе лёс праз некалькі гадоў таксама прывядзе на педагагічную ніву.
На год раней за жонку ў гэтую ўстанову адукацыі прыйшоў выкладаць музыку, дапрызыўную падрыхтоўку, асновы бяспекі жыццядзейнасці Мікалай Васільевіч. І па сённяшні дзень ён імкнецца зрабіць урок такім, каб вучні кожны раз адкрывалі для сябе штосьці новае, глыбей разумелі жыццё, не былі пасіўнымі назіральнікамі падзей, а крочылі па дарозе лёсу з жаданнем змяніць яе ў лепшы бок. Педагог пераканы, што без пошуку і творчасці няма сапраўднага настаўніка і яго майстэрства, веды і інтэлект, цярпенне і настойлівасць шмат у чым вызначаюць шляхі фарміравання асобы. Таму не дзіўна, што вынікі яго плённай працы па музычнаму навучанню тры гады назад былі адзначаны на рэспубліканскім узроўні.
Пра педагагічную дынастыю гэтай сям’і можна сказаць яшчэ шмат добрых слоў, таму што гэта людзі вялікага сэрца, натхняльнай працавітасці, высокіх маральных якасцяў. Таму невыпадкова, што Людміла і Мікалай Талкачовы як эстафету перадалі ганаровы сцяг настаўніцкай прафесіі сваёй дачцэ Аксане — настаўніцы замежных моў. Нягледзячы на тое, што яны выкладаюць розныя прадметы, іх аб’ядноўвае прафесіяналізм, імкненне да творчасці, патрабавальнасць да сябе і жаданне аддаваць часцінку душы дзецям.
Скіраванасці да гуманітарных навук прывялі залатую медалістку Аксану на філалагічны факультэт ВДУ імя П.М. Машэрава, пасля заканчэння якога вярнулася настаўнічаць у Акцябрскую школу. Разам з тым завочна атрымала з адзнакай другую вышэйшую адукацыю ў Маскоўскім інстытуце рэкламы, турызму і шоубізнэсу па спецыяльнасці “Кіраўнік у сферы рэкламы”. За гады вучобы яна шмат чаго ўбачыла і натхнілася, таму пэўныя ідэі стараецца ажыццяўляць у школьнай рабоце. Аксана Мельнік перакананая, што кожны ўрок павінен захапляць сваёй арыгінальнасцю, таму імкнецца запаліць у вучняў нязгасныя іскрынкі цікаўнасці.
— Веданне замежнай мовы адкрывае вялікі, шматвобразны і нязведаны раней свет, акунае ў культуру і традыцыі іншых народаў. Аднак завочнае знаёмства з іншаземнымі краінамі не дае ў поўнай меры ўяўленняў пра тых людзей, якія там жывуць, — сказала педагог.
Аксана Мікалаеўна падтрымлівае цёплыя адносіны з англійскімі і нямецкімі сябрамі, таму з дапамогай он-лайн чатаў і відэасувязі стараецца задзейнічаць іх у працэсе навучання акцябрскіх школьнікаў. Яна лічыць, што жывая камунікацыя з носьбітамі замежных моў найбольш эфектыўна і спрыяе лепшаму засваенню матэрыялу. Адным з самых запамінальных момантаў у яе дзейнасці з’яўляецца сумеснае напісанне па ініцыятыве дзяцей пісьма англійскай каралеве Лізавеце II. Яны не разлічвалі на атрыманне адказу, аднак доля спадзяванняў іх не пакідала. Да чаго ж было радасна педагогу і яе вучням, калі на іх адрас усё ж такі прыйшло пасланне з Букінгемскага палаца. На гэтым Аксана Мельнік не спыняецца. У яе планах шмат незвычайных праектаў, якія яна, у якасці і настаўніка, і намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, безумоўна, ажыццявіць, бо гэта закладзена ў яе педагагічных генах.
Вольга Булаўка.
Фота аўтара.
Хорошие люди и прекрасные педагоги!