Устанавіць дакладную дату нараджэння населенага пункта немагчыма. Нашы продкі гадамі абжывалі ўпадабанае месца. Як гэта было? Успомніць гістарычныя факты, правесці паралель да сучасных падзей, ушанаваць руплівых вяскоўцаў — гэтай мэце было прысвечана свята вёскі Камунарка. Яно адбылося ў мясцовай аграсядзібе “Чыстыя крыніцы”, гаспадыня якой Валянціна Паповіч разам са старэйшынай населенага пункта Аляксандрам Рынкевічам актыўна падтрымалі ініцыятыву дырэктара Бабініцкага СДК Таццяны Баброўскай.

Аляксандр Рынкевіч і Таццяна Каваленка

Патрыятычнае гучанне вёска набыла ў 1964  годзе, змяніў шы немілагучную назву Скулавічы. Па гістарычных сведчаннях, на пачатку ХIХ  ст. гэта мясцовасць была ў складзе маёнтка Тулава, а да сярэдзіны стагоддзя была прыватнай уласнасцю памешчыка Цехнавецкага. У 1905 годзе селішча знаходзілася ў Бабініцкай воласці, налічвала 20 двароў і  195 жыхароў. Гэта ж якія былі шматлюдныя сем’і! У 1909-м тут была адкрыта царкоўнапрыходская школа. На яе базе ў  першае паслярэвалюцыйнае дзесяцігоддзе створана школа 1-ай ступені, якую наведвалі дзеці з 13 навакольных  сёлаў. У 1930 годзе ў вёсцы быў арганізаваны калгас, які налічваў 122 двары і больш за паўтысячы жыхароў. У калектыўнай гаспадарцы было дзве фермы: малочна-таварная і авечкагадоўчая і 3 брыгады — паляводчая, жывёлагадоўчая і агароднінная. Працавала кузня.

Ансамбль “Весялуха”

Мірнае жыццё чорнай хмарай накрыла вайна. Спахмурнела вёска. З ліпеня 1941-га па чэрвень 1944-га яна была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Амаль усе двары былі знішчаны карнікамі ў чэрвені 1942 года. На фронце і ў партызанскіх атрадах загінулі 80 жыхароў населенага пункта.

Пасля вызвалення людзі вярталіся на папялішчы. Увесь цяжар аднаўлення спустошанай вёскі лёг на плечы жанчын, старых і дзяцей. У якасці жытла будавалі зямлянкі, іх сляды ў наваколлі і зараз напамінаюць пра вайну.

Саўладаць з жывым прызам Васілю Каваленку дапамагае дачка старэйшыны Алеся

Старэйшына вёскі Аляксандр Рынкевіч, продкі якога спрадвеку жылі на гэтай зямлі, падзяліўся ўспамінамі. Да канца 50-х гадоў у Скулавічах з’явілася ўжо некалькі дзясяткаў дамоў. Была ўзведзена школа, дзе вучыліся дзеці і з навакольных вёсак — Пушкароў, Асётак, Агароднікаў, Абухава. Пакрысе аднаўлялася калектыўная гаспадарка. На ферме ўтрымлівалася тры гурты кароў, былі пабудаваны зернясховішча, клуб, хата-чытальня, магазін.

Стваральныя намаганні рухнулі з развалам Саюза. Вёска стала прыходзіць у заняпад, сведчаннем якога былі недабудаваная дарога, разбураная воданапорная вежа, зачыненая школа, услед за якой зніклі і іншыя сацыяльна-культурныя аб’екты. Падводзячы рысу пад мінулым, Аляксандр Іванавіч ахарактарызаваў сучасны стан населенага пункта, размежаванага вуліцамі, якіх налічваецца 8. Па дадзеных Бабініцкага сельскага Савета, зараз у вёсцы — 27 двароў, зарэгістраваны 42 жыхары. Гэта без уліку так званых дачнікаў, якія летам значна прымнажаюць насельніцтва.

Унукі Рынкевіча ля дзедавай студні

Па словах старэйшыны, за апошнія гады Камунарка змяніла аблічча ў лепшы бок: адрамантавана дарога, што злучае вёску з асфальтавай стужкай, курсіруе рэйсавы аўтобус. Сёлета намаганнямі сельскага Савета адрамантаваны дзве вясковых вуліцы — Зялёная і Дальняя. Камунарцы сталі больш клапаціцца пра свае сядзібы: падфарбоўваюць дамы, мяняюць агароджы, разбіваюць клумбы. “Вёска набывае больш прывабны выгляд”, — пахваліў аднавяскоўцаў старэйшына і ў той жа час абазначыў існуючыя праблемы. Востра стаіць пытанне цэнтралізаванага вывазу смецця. Псуюць выгляд населенага пункта некалькі закінутых пустуючых хацін, агароды, што не выкарыстоўваюцца і зарастаюць. Патрабуюць добраўпарадкавання калодзежы — такога, які зроблены сёлета ля студні на вуліцы Зялёнай. На грамадскіх могілках неабходна спіліць старыя дрэвы, зараўняць ямы ад бомбавых удараў — пералічваў старэйшына пытанні, якія патрабуюць вырашэння. Але больш за ўсё, як прызнаўся, яго непакоіць слабая актыўнасць аднавяскоўцаў. У населеным пункце няма вытворчых аб’ектаў для працавітых рук. А незанятасць, як вядома, кагосьці падштурхоўвае да выпіўкі, што дабром не канчаецца. Ды і на свята вёскі наўрад ці сабралася палова жыхароў, хоць аб’яўлена аб маючым адбыцца мерапрыемстве было загадзя.

Добры канцэрт падрыхтаваў Бабініцкі Дом культуры. Шчыра вітаў вяскоўцаў народны ансамабль народнай песні “Весялуха” (кіраўнік Генадзь Касценка). Нумары мастацкай самадзейнасці перамяжоўваліся з ушаноўваннем пераможцаў конкурсу, які арганізавалі гаспадыня аграсядзібы і старэйшына. Дыплом і прыз у намінацыі “Лепшы агарод” атрымала з дастаўкай на дом Таццяна Каваленка. Непераўзыдзеным кветкаводам прызнана Людміла Волкава. А вось лепшы падворак, безумоўна, — у Васіля Сцяпанавіча Каваленкі. Руплівы 85-гадовы гаспадар трымае на падворку каня, авечак, курэй і іншую жыўнасць. Таму качка, якую ў якасці прыза прэзентавала яму Валянціна Паповіч, прыйдзецца да месца ў птушыным царстве. Павучыцца ж як утрымліваць сялібу можна ў самаго старэйшыны. Дом і надворныя пабудовы тут даведзены да ладу, размаляваны. Прыемным месцам адпачынку ўнукаў, якіх ў Аляксандра Іванавіча чацвёра, з’яўляюцца зялёныя куткі, дзе прывольна сябе пачуваюць піхта, блакітная елка, змеепадобнае дрэва і шмат іншых раслін. Вось так, уласным прыкладам Рынкевіч агітуе за добраўпарадкаванне сельбішчаў. І добра, што на свяце прылюдна адзначылі дбайных гаспадароў, неабыякавых вяскоўцаў. Няхай іх кола шырыцца і прыгажэе вёска.

Ніна Сталярэнка.
Фота аўтара.