Свята Нараджэння Збаўцы — гэта асаблівы час, калі кожны вернік духоўна аднаўляецца і зараджаецца моцаю дабрыні і спакою. Такая ўрачыстасць ажыўляе ў сэрцах агонь веры, каб кожны жыў у яго бляску i цяпле, мог асвятляць iм i саграваць iншых. Напярэдадні значнай хрысціянскай падзеі біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч расказаў пра тое, чым жыла каталіцкая супольнасць у сыходзячым годзе, акрэсліў напрамкі далейшага руху, а таксама падзяліўся радасцю чакання прыйсця нованароджанага Езуса.   

Алег Буткевіч

Алег Буткевіч

Алег Буткевіч прызнаўся, што асабіста для яго 2014-ты быў нялёгкім, бо гэта першы год яго служэння на новай пасадзе ў якасці біскупа. На працягу акрэсленага часу зроблена шмат па фарміраванні структуры Касцёла, вырашаны кадравыя пытанні і інш. Таксама былі адзначаны юбілеі парафій у Відзах, Параф’янаве, Дрысвятах, Ушачах. 10 гадоў споўнілася з таго моманту, калі міжнародны фестываль хрысціянскіх фільмаў “Магніфікат” атрымаў пастаянную “прапіску” на Глыбоччыне. Аднак самай галоўнай падзеяй стала святкаванне 15-годдзя з дня заснавання Віцебскай дыяцэзіі. Яго галоўны святар акцэнтаваў увагу на тым, што ў 2015-м будзе працягваць сустрэчы са святарамі і вернікамі, каб лепей ведаць сітуацыю ў духоўных дамах вобласці.

Яго Эксцэленцыя адзначыў, што маштабных праектаў па адкрыцці новых святынь у наступным годзе не плануецца. Будуць даводзіцца да канца распачатыя раней справы: рэстаўрацыя касцёла Святой Барбары і інтэр’ерныя працы ў касцёле Святога Антонія ў Віцебску. Каталіцкі “карабель”, які дапаможа давезці сэрцы вернікаў да Бога, з’явіцца ў перспектыве ў мікрараёне Білева. Акрамя таго, будзе арганізавана новая парафія ў Паставах. Вялікая ўвага будзе надавацца і духоўнаму ўзрастанню хрысціян. Гэтаму пасадзейнічае правядзенне разнастайных мерапрыемстваў згодна з літургічным календаром і спецыяльным планам.

Яшчэ адным немалаважным накірункам дзейнасці Віцебскай дыяцэзіі з’яўляюцца дабрачынныя праекты, якія дапамагае рэалізоўваць каталіцкае таварыства “Карытас”. Яго асноўная місія — дапамагаць людзям, якія апынуліся ў складаных жыццёвых сітуацыях. Удзельнікі гэтай суполкі супрацоўнічаюць з грамадскімі арганізацыямі, лячэбнымі ўстановамі, тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і разам клапоцяцца пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі, дзецей, якія засталіся без бацькоўскай апекі і інш. Міласэрнасць, на думку віцебскага біскупа, — гэта не толькі ахвяраванне, але і вялікая радасць, шлях да Бога, на якім можна поўна і дасканала выявіць і рэалізаваць усё тое, чым Ён надзяліў кожнага.

Зараз, знаходзячыся ў чаканні сустрэчы з Хрыстом, які народзіцца ў людскіх сэрцах, вернікі скіраваны да падзей Бэтлеемскай ночы, калі Божае святло прыйшло на зямлю, несучы з сабой невычэрпны зарад духоўнага аднаўлення. Гэты час прасвятляе сэнс чалавечага лёсу і распачынае новую старонку жыцця. Напярэдадні свята даўно ўсталявалася традыцыя з узыходам на небе першай зоркі збірацца сем’ямі на вігілійную вячэру, каб разам адчуць радасць і вітаць прыйсце Езуса ў свет. Дзелячыся аплаткам, трэба забыцца пра крыўды, прабачыць адзін аднаму кепскія ўчынкі, пажадаць шчасця і міру.

— Божае Нараджэнне — гэта свята, якое нясе з сабой цеплыню і спакой, так знаёмыя і блізкія сэрцу кожнага. Святло Бэтлеемскай зоркі, якое калісьці апраменіла адну са шматлікіх тагачасных стаенак, і сёння хоча данесці нам тую самую Навіну. Стварыцель не пакінуў свой народ, Ён прыйшоў, каб застацца і быць “Богам з намі”. А гэта сапраўды ўжо шмат: ведаць, што ты ніколі не застанешся адзін, што тваё жыццё заўсёды мае сэнс, што пакінуты, хворы ці састарэлы камусьці патрэбны. Галоўнае, знайсці для Божага Слова месца ў сэрцы і душой адказваць на таямніцу Яго любові, — сказаў Алег Буткевіч.

Кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі віншуе ўсіх хрысціян з надыходзячым Раством і жадае не страчваць веры ў тое, што і сёння Бэтлеемская зорка свеціць над кожным, як над той адзінай стайняй, у якой так моцна жадаў нарадзіцца Божы Сын.

Вольга Булаўка.
Фота аўтара.

2 комментария для “Біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч: «Божаму Слову — месца ў сэрцы»

  1. Усiх каталiцкiх вернiкаў — са святам Божага Нараджэння!!!

Обсуждение закрыто.