Знаёмства з народнымі абрадамі ладзілі культработнікі з аграгарадка Мазалава для гасцей з Кітая, Іарданіі, Лівана, Палесціны, Туніса і Польшчы — студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава і Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.
Добры настрой не сапсаваў моцны мароз
Пра старажытнае свята Каляды замежныя студэнты пачулі ўпершыню. Такія гульні, спевы пры марозе мінус 15, а менавіта такое надвор’е стаяла ў той дзень, для іх абсалютная экзотыка. Ды мясцовыя Баба-яга з Кікімарай — героі зусім не кітайскіх ці ліванскіх казак. Але менавіта ў тым, каб паказаць гасцям асаблівасці народных традыцый, і ёсць сутнасць мерапрыемства.
Святочнае шэсце
Па словах аднаго з арганізатараў свята — вядучага метадыста Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэя Струнчанкі, калядная пазнавальна-забаўляльная праграма “Разам — у Новы год” паклала пачатак добрай традыцыі, якая, спадзяюцца культработнікі, стане прывабнай не толькі для нашых і замежных студэнтаў, але і для турыстаў.
— У перспектыве плануецца наладзіць новы турыстычны маршрут з нацыянальным каларытам. Ён будзе праходзіць не толькі па пэўных аб’ектах Мазалава, але і з інтэрактывам, папулярызуючы нацыянальныя культурныя каштоўнасці, нематэрыяльную духоўную спадчыну Віцебскага раёна. Усё гэта накіравана на ўсталяванне прамых кантактаў па культурным супрацоўніцтве з замежнымі краінамі, — адзначыў культработнік.
Удзельнікі каляднага свята ўжо атрымалі запрашэнне на Дні нацыянальнай культуры, раённае свята гульняў і гульбішчаў “Мазалаўскі карагод гульняў”. Сяброўства без межаў прапануюць у клубе інтэрнацыянальных сустрэч “Згода”, дзе яго ўдзельнікі пазнаёмяцца з культурай беларусаў, а замежныя — будуць папулярызаваць сваю.
Вітала гасцей Казачніца, якая накіравала іх да Зімы. На шляху да навагодніх дзівосаў ім сустрэліся Нячысцікі, якія загадалі іншаземцам прайсці паласу перашкод, перш чым ісці да Новага года. Прыспешваць падбадзёрвала не толькі вясёлая музыка, але і мароз, да якога не звыклыя жыхары цёплых краін. Пасля разам з Дзедам Марозам і Снягуркай яны віталі Каляду.
Падарункі замежным гасцям ад Дзеда Мароза
Па цэнтральнай вуліцы Мазалава калядоўшчыкі прайшліся гучна. Песні ў выкананні ансамбля “Крыніцы”, удзельнікаў тэатральнага гуртка “Вобраз” і настаўнікаў мясцовай дзіцячай школы мастацтваў разляталіся навокал з пажаданнямі ўсяго найлепшага. Прысмакі па даўняй традыцыі не збіралі, але Казу вадзілі. Сімвал Калядаў, а сёлета яшчэ і года, згодна з павер’ем увасабляе багаты ўраджай і беражэ дом ад усяго злога.
Студэнт дзяржуніверсітэта з далёкага Кітая Ян Мін у гэты дзень зрабіў шмат фотаздымкаў. Цяпер збіраецца іх аздобіць яскравымі ўражаннямі і трапнымі каментарыямі ад убачанага і адаслаць на радзіму. Нягледзячы на тое, што з цяжкасцю размаўляе па-руску, з захапленнем распавядае пра беларускі фальклор. Больш за ўсё прадстаўнік Паднябеснай застаўся ўражаны гульнёй баяніста Аляксандра Дубко, бо Ян Мін сам музыкант і атрымлівае адпаведную спецыяльнасць. Ён будучы выкладчык музыкі. Замежны госць здзіўляецца, як можна граць на тыкім марозе ды яшчэ і прытопваць нагой.
Каб госці з цёплых краін канчаткова не змерзлі, іх напаілі гарбатай, накармілі беларускімі прысмакамі. Як патрабуе звычай, стол накрылі шчодра. Магістранту дзяржуніверсітэта Ма Жуй асабліва даспадобы прыйшліся дранікі. У яе на радзіме, у Кітаі, такой стравы няма, як, дарэчы, і такога свята. Але яна ўзгадвае, як адзначаюць яе суайчыннікі кітайскі Новы год: весела і яскрава. Толькі тут, у Беларусі, яна пазнаёмілася з Дзедам Марозам і Снягуркай. Замежная студэнтка звярнула ўвагу на традыцыі свята, зазначыўшы, што ў яе на радзіме прынята адзначаць яго дома, разам з роднымі, а ў нашай краіне вяселле часта выходзіць за межы роднага парога.
— Гэта другая сустрэча замежных студэнтаў за агульным сталом. Першая адбылася ў снежні ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Нашы студэнты пазнаёмілі сваіх новых сяброў з Лівана з чайнай цырымоніяй, кітайскімі народнымі і мангольскімі песнямі, яны расказалі пра сваю краіну. Напрыканцы прадэгуставалі нацыянальныя стравы, — расказала дацэнт кафедры рускай мовы як замежнай дзяржуніверсітэта Наталля Мініна.
Па словах выкладчыка акадэміі ветэрынарнай медыцыны Галіны Чарнецкай, для яе студэнтаў можа дзе што і не зразумела, бо яны толькі пачалі вывучаць рускую мову, але не гэта важна. Камунікацыйны бар’ер не перешкаджае з задавальненнем бавіць час.
Пасля тэатралізаванай імпрэзы замежных гасцей далучылі да народнай творчасці. У мясцовым Доме культуры для іх была падрыхтавана культурная праграма з наведваннем этнавыставы “З гарышчаў бабуль і дзядуль”, знаёмствам з выкладчыкамі мясцовай дзіцячай школы мастацтваў, артыстамі народнага ансамбля народнай песні і музыкі “Вераснянка”. На майстар-класе студэнты разам са сваімі выкладчыкамі майстравалі калядныя паштоўкі — на памяць пра беларускія забавы. Тое, што ў выніку атрымалася, яны абяцалі адправіць на радзіму — ад чыстага сэрца з беларускім нацыянальным каларытам.
Таццяна Дзіканава.
Фота аўтара.