Першы клас у жыцці дзіцяці — вельмі важны і адказны этап, дзе ўсё спасцігаецца з чыстага ліста: першыя задачы і практыкаванні, разважанні над прачытаным тэкстам, поспехі… Больш за 40 гадоў вядзе за сабой самых маленькіх выхаванцаў па дарозе ведаў настаўніца пачатковых класаў Лятчанскай базавай школы Галіна Янковіч.
Галіна Янковіч
Сваіх першых настаўнікаў яна добра памятае, узяла ад іх усё самае лепшае, што не магло схавацца ад уважлівых вучнёўскіх назіранняў: асаблівасці арганізацыі работы на ўроку, майстэрства ўзаемаадносін з дзецьмі і інш. Здавалася б, што складанага ва ўменні наладжваць кантакт з самымі маленькімі школьнікамі? Уся справа ў тым, што сярод выхаванцаў Галіны Фёдараўны заўсёды былі асаблівыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Нягледзячы на свой узрост, яны ўжо маюць за плячыма жыццёвую гісторыю з негатыўным адценнем, якая прывяла іх да статуса сіраты. Па прызнанні педагога, з яе вучнямі — выхаванцамі Вялікалятчанскага дзіцячага дома — свае першыя нясмелыя крокі ў вялікую краіну ведаў яны пачыналі амаль з нуля. Дзякуючы намаганням Галіны Янковіч, дзеці ўжо навучыліся чытаць, пісаць, лічыць, выконваць элементарныя арыфметычныя дзеянні. Кожным, нават нязначным, поспехам педагог радуецца, бо працаваць з пакрыўджанымі лёсам дзецьмі — задача не з простых. Упершыню за ўсю педагагічную біяграфію Галіне Фёдараўне ў гэтым навучальным годзе давялося выхоўваць у стапрацэнтным складзе пазбаўленых бацькоўскай ласкі вучняў. За час працы з імі ўсталявала цёплыя і даверлівыя адносіны і змагла падабраць “ключык” да іх сэрцаў, таму не дзіўна, што падапечныя называюць яе мамай.
Яна імкнецца не толькі выхаваць годных грамадзян, духоўна багатых асоб з правільнымі жыццёвымі поглядамі і арыенцірамі, але і максімальна разнастаіць заняткі. Увесь неабходны матэрыял да ўрокаў настаўніца падбірае з улікам здольнасцей і інтарэсаў вучняў, выкарыстоўвае неардынарныя гульнявыя і забаўляльныя прыёмы, прычым строгасць і патрабавальнасць у яе заўсёды спалучаюцца з любоўю да дзяцей. Пры такім падыходзе на ўроках настаўніцы пануе атмасфера зацікаўленасці, бо за кожным новым адукацыйным “паваротам” першакласнікаў чакаюць чарговыя крэатыўныя “элементы” працы на ўроку з багатага педагагічнага арсенала Галіны Фёдараўны.
Вольга Булаўка.
Фота аўтара.