Віцебскаму раённаму гісторыка-краязнаўчаму музею ўласціва не толькі захоўваць ужо існуючыя экспанаты, але і перыядычна папаўняць свае запасы, і чым інтэнсіўней гэты працэс адбываецца, тым больш дынамічным выглядае развіццё пляцоўкі. Свайго роду справаздачную выставу такога кшталту прапанавала галоўная прыдзвінская захавальніца каштоўнасцей мінулага.

Старшы навуковы супрацоўнік Іна Кулік і мастачка музея Кацярына Ярашэўская

За 10-годдзе існавання ўстановы культуры тут стала ўжо добрай традыцыяй дэманстраваць старадаўнія рэчы і атрыбуты быту з адносна нядаўняй гісторыяй, пераддзеныя ў фонды віцяблянамі і жыхарамі раёна. І дзякуючы ім такія знаходкі атрымалі статус музейных. Такая адмысловая экспазіцыя аб’яднала дастаткова рэдкія прадметы і артэфакты, не маючыя аналагаў увогуле, і атрымала назву “Новыя паступленні-2014”.

Адкрываючы выставу, галоўны захавальнік фондаў Сяргей Марціновіч адзначыў, што за мінулы год у музей паступіла 333 прадметы, але толькі 135 найбольш цікавых з іх экспануюцца. Адным з першых у раённую калекцыю трапіла рэпрадукцыя карцін, напісаных мастаком Ільёй Глазуновым у Маскве ў 1988 годзе. Тут знайшлі сваё адлюстраванне шматграннасць праніклівага светабачання — складаны гістарычны шлях радзімы ў мінулым стагоддзі, таямніцы рускай душы, неабходнасць сувязяў пакаленняў і інш.

Уяўляюць асаблівую цікавасць падземныя знаходкі, дасланыя віцебскім археолагам Таццянай Бубенькай. Прадстаўлены матэрыял — крэмень, чарапкі, старажытны надмагільны крыж аднесены да каменнага і жалезнага вякоў — быў знойдзены ў мінулым годзе пры абследаванні Сялюцкага гарадзішча. Па словах Сяргея Марціновіча, некаторыя з фрагментаў некалі пэўных прадметаў у сілу разнастайных пашкоджанняў складана датаваць і суадносіць з тым ці іншым часам.

Вынікі гістарычных пошукаў на тэрыторыі Акцябрскага сельсавета прывялі галоўнага захавальніка каштоўнасцей раёна Наталлю Захарэвіч да нямецкіх прапагандысцкіх лістовак Другой сусветнай вайны. Некаторыя з іх захавалі добрую паліграфічную якасць, змяшчаюць фотаілюстрацыі. Цяперашні дырэктар музея Ларыса Якаўлева прынесла на выставу дэпутацкія нататнікі і запісныя кніжкі свайго бацькі 50-60-х гадоў.

У ліку эксклюзіўных — альбом школьнага музея Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова, які перадаў у спадчыну галоўнай раённай захавальніцы гісторыка-краязнаўчых каштоўнасцей цэнтр рамёстваў “Адраджэнне”. Адметна тое, што своеасаблівая кніга з фота змяшчае існуючыя ў адзіным экзэмпляры здымкі, якія адлюстроўваюць даваенны час жыцця легендарнага бацькі Міная, яго сустрэчы з пісьменнікамі і шматлікімі вядомымі персонамі.

Мясцовыя жыхары Павел Шарамецьеў падараваў музею дзіцячы гармонік, конскі хамут, друкарскую машынку, а Алеся Шчарбачэня — ордэны і медалі ўдзельніка Другой сусветнай вайны Віктара Яршова. Тут ёсць і кнігі віцебскіх краязнаўцаў Аркадзя Шульмана і Аркадзя Падліпскага.

Каця Шарамецьева побач з бацькавай друкарскай машынкай

Пэўны ўнёсак у гістарычную скарбонку музея зрабіў настаўнік Акцябрскай школы Мікалай Талкачоў, які, будучы дырэктарам мясцовага Дома культуры, з дапамогай кінакамеры ўвекавечыў развіццё вёскі ў 70-я—80-я гады. Ідэю здымаць кожны значны подых населенага пункта і яго наваколля падказала імклівае і насычанае на разнастайныя падзеі жыццё. Па словах Мікалая Васільевіча, разам са сваім сябрам, які меў за плячыма рэжысёрскую адукацыю, першыя крокі ў кінаіндустрыі пачыналі з канцэртаў, выступленняў калектываў мастацкай самадзейнасці, сустрэч дэлегацый і інш. Не абміналі ўвагай працу фермераў, работнікаў на палях — не выпускалі камеру ні падчас пасяўной, ні падчас ўборачнай кампаній, пасля чаго адзнятыя кадры дэманстравалі на падвядзенні вынікаў сельскагаспадарчага года. Цыкл сюжэтаў на 16-міліметровай плёнцы Мікалай Талкачоў аб’яднаў у фільм «Гарадок сярод палёў», які быў аблічбаваны і прадэманстраваны прысутным.

Дырэктар установы культуры Ларыса Якаўлева выказала словы ўдзячнасці прыняўшым актыўны ўдзел у стварэнні экспазіцыі, уручыла ім падзякі і зачытала верш, напісаны мясцовай жыхаркай Людмілай Барсуковай, у якім “змясціліся” ўсе ўдзельнікі і прадстаўленыя на выставе прадметы даўніны. Гледзячы на апантаннасць сяльчан і гараджан справай па знаходжанні тых ці іншых артэфактаў, супрацоўнікі музея спадзяюцца, што гэты год таксама будзе “ўраджаным” на цікавыя знаходкі і новыя адкрыцці.

Вольга Булаўка.
Фота аўтара.