Песня пачынаецца са слова, нацыя — з чалавека, а краіна — з вёскі. Віцебскі раён у сваім складзе налічвае больш за трыста такіх населеных пунктаў. А колькі тут жыве цікавых людзей! І для ўсіх іх Беларусь свая, для кожнага – нязменна родная і любая.

Мая краіна розная. Яна мае свае адметнасці ў кожным горадзе і вёсцы. На Палессі яна журавінна-балотная, на Гродзеншчыне — фальклорна-песенная, а ў нас, на поўначы — таямнічая.

Мая, віцебская Беларусь, не любіць доўга спаць і прыгажэй за ўсё выглядае раніцай, калі на досвітку ажывае вёска. Жыхары Прыдзвінскага краю прачынаюцца рана і адразу бяруцца за працу. Таму і вынікі ў хлебаробаў адпаведныя. Да прыкладу, у мінулым годзе валавы збор зерневых і зернебабовых культур (без кукурузы) у бункернай вазе склаў больш за 100 тысяч тон. У гісторыі раёна гэта рэкорд. Крыху не дабралі да яго сёлета. Але з году ў год Віцебскі раён годна выглядае на свяце працаўнікоў вёскі. Ужо які год запар у складзе пераможцаў спаборніцтва на жніве вадзіцель ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» Алег Жукаў (на здымку).

Рэспубліка Беларусь — гэта ўпэўненасць у тым, што за жыццё і бяспеку адказваюць прафесіяналы, якія ведаюць сваю справу. Сярод іх супрацоўнік Віцебскага РАУС Сяргей Ціханаў, які ў пачатку года стаў лепшым участковым інспектарам міліцыі краіны. Вялікая ўвага надаецца стварэнню ўмоў для развіцця будучага пакалення. І сюды з гонарам можна аднесці той факт, што ў мінулым годзе прыдзвінскія школьнікі сталі бліжэй да зорак. У Ноўкінскай школе адкрыліся лічбавы мультымедыйны планетарый і астранамічная пляцоўка. Варонаўская сярэдняя школа ўваходзіць у сетку «Зялёных школ» рэспублікі.

У маёй сінявокай краіне заўсёды ствараліся ўсе ўмовы для развіцця спорту і здаровага ладу жыцця. І нездарма. У мінулым годзе каманда Вялікалятчанскага дзіцячага дома прыняла ўдзел ва ўсерасійскім чэмпіянаце па міні-футболе, які праходзіў на арэне маскоўскіх «Лужнікоў». Не адстаюць ад дзяцей і дарослыя раёна, якія на абласным турзлёце, прысвечаным 70-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, сталі першымі.

Мая краіна — гэта нашчадкі, якія захоўваюць памяць пра герояў вайны і расказваюць сваім дзецям пра подзвігі іх дзядоў і прадзедаў. А яшчэ гэта сем’і, што жывуць душа ў душу і падаюць прыклад моладзі, такія, як Кур’яновічаў з аграгарадка Бабінічы. У каханні і згодзе гэта пара крочыць па жыцці шэсцьдзесят гадоў. Абое — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Ідучы пад руку ў ордэнах і медалях, і зараз выклікаюць ціхае захапленне і добрую зайздрасць.

Для мяне Беларусь — краіна, дзе нарадзіліся мае продкі, дзе заўсёды смачна пахне свежым хлебам і яблыкамі. Гэта месца, куды хочацца вяртацца, бо ведаеш, што цябе тут чакаюць і любяць, гэта наша Радзіма.

Юлія Гаўрыленка