«Хрысціянскі свет уваходзіць у святкаванне Вялікай Падзеі — Нараджэння Божага Сына, якая перакрочвае межы часу. І мы не толькі ўспамінаем Нараджэнне Хрыста, мы зноў і зноў сустракаем з’яўленне Бога ў гэтым свеце. Такой ёсць наша вера», — сказаў на перадкаляднай прэс-канферэнцыі біскуп  Віцебскі Алег Буткевіч (на здамку). Ён пазнаёміў з дзейнасцю дыяцэзіі ў мінаючым годзе, падзяліўся планамі на 2016-ы, які абвешчаны Cвятым Айцом Годам Міласэрнасці.
Мінулыя 12 месяцаў адзначаны для біскупа працягам знаёмства з дыяцэзіяй — наведваннем парафій і знаёмствам з іх матэрыяльным і духоўным становішчам. Менш аптымістычнай падзеяй, якая кранае дыяцэзію, Алег Буткевіч лічыць завяршэнне місіі ў якасці апостальскага нунцыя на Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, якога апостальская сталіца пераводзіць сваім прадстаўніком у суседнюю Украіну. «Для нас ён застанецца не толькі як вельмі актыўны і мудры дыпламат, але і адданы свайму служэнню душпастыр, які за такі непрацяглы час зрабіў вельмі шмат не толькі для Каталіцкага Касцёла на Беларусі, але і для ўсёй краіны», — адзначыў віцебскі біскуп.

Распачынаючы Год Міласэрнасці, Папа Францішак здзейсніў абрад адкрыцця Святых Дзвярэй — Брамы Міласэрнасці ў базыліцы Святога Пятра ў Рыме. Такія ж брамы адчынены ў кожнай дыяцэзіі па ўсім свеце. У прыватнасці, у Віцебскай яны адкрыты ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў абласным цэнтры і ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе, дзе адбудзецца агульнабеларускі юбілей Святароў і традыцыйная ўрачыстасць у гонар Маці Божай, якую папярэдзіць трохдзённая сустрэча моладзі з усёй дыяцэзіі.

Ужо на першым тыдні снежня распачаўся XVI фестываль «Дні хрысціянскай культуры». У яго межах адбыліся выставы дзіцячай творчасці, а таксама работ народнага клуба фларыстыкі «Анюта». У ВДУ імя П.М. Машэрава прайшла навукова-практычная канферэнцыя «Тэматыка Раства ў сусветнай мастацкай культуры».

Заўтра ў касцёлах горада пройдуць канцэрты харавых калектываў прыходаў Віцебска. Напярэдадні Новага года запланавана каляднае віншаванне ад каталіцкіх прыходаў пацыентаў дзіцячай абласной клінічнай бальніцы, а на першым тыдні студзеня — конкурс нацыянальнай батлейкі з удзелам дзіцячых калектываў. Зараз распрацоўваецца праграма кананічнай візітацыі парафій біскупам на наступны год. Звычайна яна праходзіць у трох накірунках: спатканне з душпастырскімі групамі і наведванне катэхезы, супольная літургія і спатканне з парафіянамі, спатканне з прадстаўнікамі мясцовай улады.

Алег Буткевіч шчыра віншуе ўсіх хрысціян з надыходзячым святам. «Няхай святло Бэтлеемскай зоркі пакажа нам шлях да тых каштоўнасцей, якія падараваў нам Усемагутны праз Цуд у звычайнай Палесцінскай стайні, а збудаванае на іх жыццё нясе радасць і супакой усім людзям добрай волі. Радасці святла і супакою ад Нованароджанага Збаўцы», — жадае кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі.

Ніна Сталярэнка.
Фота аўтара.