Насамрэч, гаворка ідзе пра архітэктурную форму, якую стварыў калектыў мясцовага дзіцячага садка — сярэдняй школы сумесна з вучнямі. У ёй яны ўвасобілі ўсё, чым знакаміты Вымнянскі край: сінявокае возера з бялюткай парай лебедзяў, якія на працягу некалькіх гадоў вяртаюцца з выраю ў аблюбаванае месца.
— Падобна птушкам, у родныя мясціны вяртаюцца тыя, хто ў свой час скончыў установу адукацыі, каб тут, на вымнянскай зямлі, віць сваё сямейнае гняздо. Да родных вытокаў, да каранёў прагнуць, — канстатуе дырэктар установы адукацыі Таццяна Цітова. — Мы нават прадугледзелі ў кампазіцыі прысутнасць якара. Ён, як вядома, прызначаны для ўтрымання карабля ці іншага плавальнага аб’екта на адным месцы за кошт узаемадзеяння з грунтам. Так і моладзь імкнецца «зачапіцца» за вёску, дзе жывуць бацькі, адкуль пачалася іх самастойная дарога, дзе сёння робіцца ўсё, каб стварыць належныя ўмовы для жыцця і працы.
Ідэя стварэння кампазіцыі належыць творчай групе ўстановы адукацыі на чале з настаўнікам абслугоўваючай працы Наталляй Шумовіч. Педагогі ўцягнулі ў творчы працэс і вучняў, нават, хутчэй дзятва сама імкнулася быць патрэбнай у гэтай справе. Так, 10-класніца Таццяна Том і 8-класніца Аліна Клянская былі задзейнічаны на фарбаванні архітэктурнай формы. За тым, каб дзяўчаткі не адыйшлі ад задумы і строга прытрымліваліся эскіза, сачыў загадчык гаспадаркі дзіцячага садка — сярэдняй школы Алег Клянскі (на здымку).
З матэрыяламі для вырабу дапамог Суражскі лясгас. Істотных выдаткаў для стварэння кампазіцыі не спатрэбілася, адзначае Таццяна Цітова.
Адзін з кірункаў работы ўстановы адукацыі — экалагічнае выхаванне. Тут нават праект распрацавалі «Экалагічная сцежка возера Вымна». Дарэчы, у конкурсе экалагічных школьных бізнес-ідэй, які прайшоў у Віцебскім раёне, ён быў адзначаны ў ліку лепшых.
З наяўнасцю карабля месцічы звязваюць павышанную ўвагу да Вымна шматлікіх гасцей. За апошнія некалькі тыдняў наведвальнікаў аграгарадка значна прыбавілася. Архітэктурная форма стала славутасцю: каля яе фатаграфуюцца, нават малююць. Супадзенне, скажуць некаторыя. Можа яно і так, але няхай іх будзе больш, можа тады вёскі стануць месцамі, куда хочацца вяртацца, дзе хочацца жыць і працаваць.
Таццяна Дзіканава.
Фота аўтара.