Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, дарагія дыяцэзіяне!
«Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег першы да магілы, убачыў і паверыў» (Ян 20,8). Пустая магіла, скручаныя палотны і яшчэ жывая ў памяці падзея Вялікай Пятніцы прывялі апосталаў да веры ва Уваскрасенне. Іх сведчанне стварае сёння падмурак нашай веры ў перамогу Хрыста над грахом і смерцю!

Радасным «Аллелюя» мы зноў вызнаем праўду пра тое, што Езус жыве! Вяртаючыся да Евангельскіх падзей, мы прагнем разам з апосталамі перажыць іх здзіўленне і радасць ад сустрэчы з Уваскрослым Хрыстом. Прайсці па дарозе ў вёску Эмаус, услухоўваючыся ў тлумачэнне прароцтваў Святога Пісання, разам з апосталам Пятром закінуць сеці ў возера на слова Уваскрослага Настаўніка, Які стаіць на беразе і чакае, каб накарміць сваіх вучняў рыбай і хлебам. І, безумоўна ж, разам з апосталам Тамашам дакрануцца да ранаў Збаўцы, вызнаючы, што яны належаць «…майму Пану і майму Богу» (Ян 20,28).

Гэта не павінны быць толькі ўспаміны. Уваскрослы Езус і сёння прагне ісці з намі дарогамі нашага жыцця, быць дапамогай і падтрымкай у нашай працы, туліць нас да Свайго Параненага Сэрца ў хвіліны выпрабаванняў і роспачы. Ён і надалей прысутны сярод тых, хто Яго шукае, і надалей прыходзіць да нас у сваім Слове, Сакрамантах і ў іншым чалавеку. Бо як Сам сцвярджаў, паводле Евангеліста Мацвея: «…Вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку» (Мц 28,20).

Жадаю вам, дарагія браты і сёстры, каб няспынна памяталі пра гэтую прысутнасць Уваскрослага Збаўцы не як суровага суддзі, а як літасцівага Сябра і Міласэрнага Айца. Бо Ён ведае людское жыццё, яго пасткі, недахопы і сапсаванасць, а разам з тым ведае, як зрабіць яго лепшым. Няхай дзякуючы такой веры ваша радасць будзе поўнай, надзея трывалай, а любоў дзейснай!

Хрыстос Уваскрос! Аллелюя! Са святам!
Божага супакою, святла і бласлаўлення!

Алег Буткевіч, біскуп Віцебскі.