Мая актыўная праца ў камсамоле пачалася ў сямідзясятыя гады XX стагоддзя. Сакратаром пярвічнай арганізацыі ў Маўчадскай санаторнай школе-інтэрнаце Баранавіцкага раёна я набіралася вопыту пад кіраўніцтвам любімага настаўніка Анатоля Іванавіча Качанава.
На здымку: маё фота з раённай Дошкi гонару ў бытнасць сакратаром камсамольскай арганізацыі
З 1983 па 1989 год я ўзначальвала на грамадскіх пачатках камсамольскую арганізацыю саўгаса «Заронава». За гэты перыяд наша «пярвічка» стала адной з самых буйных у раёне і адрознівалася шэрагам ініцыятыў. Гэтаму спрыяла кіраўніцтва саўгаса ў асобе дырэктара Валерыя Рыгоравіча Берманта, які ў мінулым таксама быў камсамольскім лідэрам. Тады ў Заронаве будаваліся новыя дамы, усе вяскоўцы былі працаўладкаваныя. Значных поспехаў у гэты ж час дасягнула мастацкая самадзейнасць сельскага Дома культуры: пачалі працаваць вакальна-інструментальны, танцавальны, эстрадны, драматычны калектывы. Моладзі было дзе бавіць вольны час.
У гаспадарцы з’явілася адзіная ў раёне матабольная каманда «Колас», капітанам якой быў Уладзімір Астрашаб. Нашы хлопцы прымалі ўдзел нават у рэспубліканскіх спаборніцтвах.
У гэты ж перыяд пакладзены пачатак патрыятычна-краязнаўчай і пошукавай дзейнасці. У 1986 годзе створаны гісторыка-этнаграфічны музей «Гісторыя Заронаўскага краю», якому ў 1996 годзе было прысвоена званне «народны». Двойчы гэта званне пацверджана. На сённяшні час музей размешчаны ў сямі залах, агульная колькасць экспанатаў складае больш за 25000. Можна гаварыць ужо пра музейны культурна-адукацыйны цэнтр «Гісторыя Заронаўскага краю».
Наведвальнікаў і экскурсантаў бывае тут кожны год каля дзвюх тысяч з розных куткоў Беларусі і краін бліжняга і дальняга замежжа: Расіі, Казахстана, Украіны, Малдовы, Латвіі, Літвы, Ізраіля, Італіі, Германіі, Аўстраліі, Англіі і інш. Сувязі заронаўскага храма гісторыі сталі сёння сапраўды міжнароднымі. У нашым музеі захоўваецца і «бiяграфія» камсамольскай арганізацыі — ў дакументах, публікацыях у СМІ і фатаграфіях.
Камсамольцы саўгаса «Заронава» з энтузіязмам браліся за любую справу. Наша «пярвічка» шукала цікавыя формы работы, падахвочвала юнакоў і дзяўчат да ўдарнай працы. Разам радаваліся перамогам. Былі адзначаны працоўныя поспехі механізатараў Аляксандра Іванова, Анатоля Баранава, Аляксандра Воранава, вадзіцеля Андрэя Путава, цялятніцы Зінаіды Дарожкінай і шмат каго іншых. Пра іх пісала наша раённая газета «Ленінская праўда». Часта арганізоўвалі выезды ў тэатр імя Якуба Коласа, на канцэрты. Да прыкладу, на канцэрт арганнай музыкі ездзілі ў Полацк. Запомніліся экскурсіі ў Кіеў, Ленінград.
На здымку: матабольная каманда саўгаса «Заронава»
Задумалі школьную кацельню пераабсталяваць пад спартыўную залу і атрымалася. Пад кіраўніцтвам дырэктара ўстановы адукацыі Аляксандра Якімавіча Гушчанкі камсамольцы працавалі ў свой вольны час. Самымі актыўнымі былі Віктар Торапаў і Іван Сенчанка. Добра дапамагалі ў гэтай патрэбнай для мясцовай школы справе старшыня сельскага Савета Рыгор Русакоў і настаўнік фізкультуры Фёдар Барцэвіч.
Было жаданне арганізоўваць вясковую моладзь на добрыя справы, шмат што з задуманага ўдавалася здзейсніць.
Людміла Нікіціна
Что-нибудь из описанного в статье осталось в Зароново сейчас или все ТЕ достижения только в музее?