У сваёй творчасці Стася Наркевіч — гэта літаратурны псеўданім пісьменніцы — аддае перавагу роднай сакавітай беларускай мове. Яна ў Анастасіі Пятроўны напеўная, мілагучная, шматгранная. Яе вобразы пранізаны пачуццём гумару, іграюць як вясёлкавыя зайчыкі.

На здымку: Анастасія Лазебная.

На здымку: Анастасія Лазебная.

Прэзентацыя суправаджалася выставай графічных работ Лазебнай. Яны такія фантастычныя! «Кампазіцыйна прыгожая, натнёная, добра скампанаваная графіка», — ацаніў выставу мастак Алег Кірушкін.

Адна з ілюстрацый «Галінка едзе дадому» прысвечана галоўнай гераіне адной з аповесцей, якая вырашыла выратаваць вяскоўцаў ад прывіду. Галя едзе ў аўтобусе і глядзіць як мароз размаляваў вокны — прыклеіў да шкла прыгожыя карункі…

Трэба сказаць, што Анастасія Лазебная ўвогуле таленавіты чалавек — яна не толькі майстар слова, але і цудоўна малюе, паспяхова працуе ў тэхніцы батык.

«На ўсіх вашых малюнках ліст — пастаянная велічыня»… — заўважыла адна з чытачак. «Так, я вельмі люблю прыроду — лес, дрэвы, кветкі, але людзей — усё ж больш», — адказала віноўніца ўрачыстасці.

Вельмі цёплай выйшла сустрэча пісьменніцы з чытачамі. Адказваючы на пытанні  прысутных, Анастасія Пятроўна прызналася, што любіць перачытваць класікаў рускай і беларускай літаратуры. Кранаюць яе творы Алега Лойкі, Рыгора Барадуліна, Давіда Сімановіча, Наталлі Салаўёвай. Прачытала Лазебная і свае вершы са зборніка «Ты зразумей мяне такую».

Герояў сваіх твораў пісьменніца не выдумвае, а бярэ з жыцця. Па прафесіі яна журналіст, шмат сустракалася, гутарыла з людзьмі, з гэтых зносін чэрпала матэрыял да сваіх будучых кніг.

«Мне як гумарысту вельмі імпануюць іронія, сарказм, смяшынкі Анастасіі Пятроўны», — прызнаўся  паэт Станіслаў Сівалобаў і прысвяціў Стасі Наркевіч паэму-оду. У адказ віноўніца ўрачыстасці прачытала вясёлае апавяданне «Брагатэрапія».

Разам з пісьменніцай яе паклоннікі разважалі аб жыцці і жартавалі, чыталі вершы і спявалі песні. Гэта цудоўнае спатканне запомніцца надоўга.

Н. САЛАЎЁВА, бібліятэкар.