Гэты кірмаш кожны год з нецярпеннем чакаюць многія. Акцэнт, як заўсёды, зроблены на сельскагаспадарчую прадукцыю. Сёлета людзей чакаў вялікі выбар саджанцаў, агародніны, а яшчэ можна было набыць мяккія цацкі, драўлянае начынне для кухні і лецішча, сувеніры.
На здымку: Дзмітрый Хома і яго намеснік Марына Бабашынская з прадстаўнікамі Старасельскай школы.
Нягледзячы на халаднаватае надвор’е — раніцай было ўсяго плюс шэсць, гандаль ішоў вельмі бойка. Наведалі «Восеньскі карагод» старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін, а таксама начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома. Яны з задавальненнем пазнаёміліся з прадукцыяй, шчодра раскладзенай на латках.
Віцябляне і госці абласнога цэнтра маглі не толькі запасціся садавінай і гароднінай, але і паспрабаваць кулінарна-гастранамічныя вырабы, свежую выпечку, духмяныя травяныя чаі, якія традыцыйна прапануюць на падобных мерапрыемствах навучальныя ўстановы. Для іх гэта выдатны спосаб зарабіць дадатковую капейку, а для гараджан — добрая магчымасць купіць абсалютна ўсё, прычым па зусім сімвалічных цэнах.
У «Восеньскім карагодзе» калектывы ўстаноў адукацыі Віцебскага раёна прымалі ўдзел не ўпершыню, таму маглі пахваліцца пастаяннымі пакупнікамі, якія заўсёды аддаюць перавагу якасці. Набыўшы неабходны тавар, яны ў дадатак атрымлівалі добразычлівую ўсмешку прадаўцоў і абавязковае запрашэнне на новую сустрэчу.
на здымку: Таццяна Сяўрук.
Прадстаўнікі Ноўкінскай, Кіраўскай, Варонаўскай, Мазалаўскай, Сасноўскай і іншых школ размясцілі гандлёвыя палаткі на адной пляцоўцы, дзе былі прадстаўлены сапраўдныя шэдэўры кулінарнага майстэрства. Дранікі з полымя, з жару і найсмачнейшую юшку прапаноўвалі педагогі Вымнянскай дзіцячы сад — базавай школы. Побач з імі частавалі смачнымі піражкамі ды смажанкамі прадстаўнікі Акцябрскай СШ.
Кожны год дырэктар Старасельскай школы Вадзім Сакратароў сустракае гасцей кірмашу ў розных казачных вобразах. У гэты раз ён запрашаў да шчодрага стала сваёй установы ў вобразе Дзеда-рамесніка, а яго намеснік па выхаваўчай рабоце Марына Драняева — у вобразе Маці-зямлі. Прыгожыя гаспадыні ў нацыянальных строях за іх прылаўкам без перапынку разлічвалі пакупнікоў.
Пакаштаваць арыгінальны кекс ці кавалачак піцы, а таксама мініяцюрныя пірожныя «бульба» запрашала Таццяна Сяўрук з Суражскай дзіцячы сад — сярэдняй школы. Кіпеў гандаль і ў прадстаўнікоў Капцянскай базавай школы.
На мерапрыемстве можна было наесціся дранікаў ці юшкі за два рублі, пачаставацца шашлыком за 3,50 ці піцай або бісквітам за 1,20 руб. Смажанкі ды піражкі каштавалі 80 капеек за штуку, шкляначка гарбаты — 50.
Цэнтр дзяцей і моладзі падрыхтаваўся таксама грунтоўна і сустракаў гасцей на падворку з нацыянальным каларытам. Народныя ўмельцы прапаноўвалі тут навучыцца мастацтву саломапляцення, а таксама давалі майстар-класы па ткацтве. Алена Чалко і Анжаліка Сухоцкая прапаноўвалі ўсім зрабіць яркае тату фарбамі на твары за сімвалічную плату — адзін рубель. Побач размясціліся палаткі з сувенірамі. Ад абярэгаў і шытых лялек майстрых Таццяны Карэлінай і Любові Лапаухавай немагчыма было адвесці вока.
На здымку: Жана Клянская і Наталля Сідарава з аг. Вымна.
Маляўнічыя сувеніры «Дажынкі — 2020» за паўтара рубля прапаноўвала Любоў Мачульская з Вымнянскай ДСБШ, а побач з ёй Музей хлеба прадаваў караваі па дзесяць рублёў, шарлотку — за сем.Кіпеў гандаль у гэты дзень у настаўніцы Наталлі Шумовіч з Альгоўскай яслі сад — базавай школы. Увесь год разам з навучэнцамі і педагогамі рыхтавалі ў школе вырабы з гліны, сталы літаральна ламіліся ад багацця асартыменту. Іх тавар ужо ведаюць многія віцябляне, таму да прылаўка нават выстраілася чарга.
На здымку: прадстаўніцы Капцянскай базавай школы.
Без пакупак кірмаш не пакінуў ніхто: госці змаглі набыць эксклюзіўную швейную і сувенірную прадукцыю, мастацкія вырабы, піламатэрыялы. Парадавалі пакупнікоў установы адукацыі паўночнага рэгіёну хлебабулачнымі вырабамі. Забаўлялі гасцей таксама сваімі сіламі. Навучэнцы падрыхтавалі паказы мод і, вядома, святочны канцэрт. Прыходзілі сем’ямі на мерапрыемства, якое не інакш як святам гараджане і не называюць.
Вікторыя КАНАВАЛЕНКА
Фота аўтара