За некалькі год творчай дзейнасці галасы ўдзельнікаў аматарскага вакальнага калектыву палюбіліся мясцовым жыхарам. Хоць яны і непрафесійныя артысты, але спяваюць вельмі добра, укладваюць у песню часцінку сваёй душы.

На здымку: удзельнікі вакальнага калектыву з кіраўніком Віктарам Макарэвічам.

У калектыве восем чалавек, бадай, ва ўсіх працоўная біяграфія звязана з Рэспублікан­скай туберкулёзнай бальніцай «Сасноўка». Некаторыя з жанчын зараз на заслужаным адпачынку, але працягваюць працаваць і пры гэтым знаходзяць час на рэпетыцыі, выступленні.

Кіраўнік калектыву Віктар Макарэвіч у адной асобе з’яўляецца і яго ідэйным натхняльнікам, і акампаніятарам. Ініцыя­тарам жа стварэння вакальнай групы можна назваць Людмілу Сідаровіч. Яна сама валодае шыкоўным прыродным голасам і згуртавала вакол сябе аднадумцаў, улюбёных у музыку і спевы. Кожная з «Сасноўскіх дзяўчат» натура творчая, захопленая песенным мастацтвам. Да прыкладу, Вера Жаркоўская не толькі добра спявае, але мае паэтычныя здольнасці, можа пера­класці куплеты на злаба­дзённую тэматыку. Валянціна Ісайкіна аддае перавагу народным мелодыям — спявае звонка, задорна, прыўзнята. А вось рамансы — любімы песенны жанр Святланы Афанасьевай. Шмат можна гаварыць пра здольнасці і ўсіх астатніх удзельніц вакальнага калектыву.

У рэпертуары «Сасноўскіх дзяўчат» лірычныя, патрыятычныя, народныя песні — тыя, што гледачы заўсёды ўспрымаюць з удзячнасцю.

Ніна ТОНІНА