Напрыканцы лета беларусы святкуюць тры Спасы. Першы з іх — мядовы— увабраў у сябе адметныя звычаі і традыцыі нашага народа. Першы Спас або Спас «на вадзе» святкуюць 14 жніўня. Праваслаўная царква звязвае гэта свята з хрышчэннем Русі, таму ў гэты дзень асвячалі ваду і новыя калодзежы, абавязкова купаліся і мылі хатніх жывёл.

Яшчэ 14 жніўня лічыцца днём пямяці сямі старазапаветных пакутнікаў Макавеяў. Народныя традыцыі паядналі яго са святам праводзінаў лета «Макавеем», сыходзячы з назвы зразумела, што ў стравах, якія гатуюць гаспадыні ў гэты дзень — перніках і блінцах — абавязкова прысутнічае мак, але ўсе яны павінны быць поснымі. Нездарма Спас назвалі «мядовым», бо менавіта ў гэты дзень у вуллях збіралі першы мёд. Па старых традыцыях, за гэтай справай пчаляра павінны былі назіраць дзеці, а ў таго гаспадара, які пашкадуе малому мёду, знікнуць усе пчолы. Галоўным напоем у беларусаў лічыўся «пітны мёд», які складаўся з ягад і непасрэдна мёду, настойваўся ў смаляных бочках каля дзесяці — сарака гадоў, каб паскорыць працэс настойвання, выкарыстоўвалі мядовы воцат і хмель.

Ва ўсіх цэрквах па Беларусі асвячаўся першы мядовы ўраджай, давалася благаславенне на яго ўжыванне. Дарэчы, з гэтым святам была звязана яшчэ адна прыкмета: пасля першага Спаса забаранялі купацца, бо лета пачынала хіліцца да захаду і вада ў азёрах станавілася халоднай. Шмат назбіраў народ і тэматычных прыказак: «На Макавея лета канчаецца, восень пачынаецца», «У Спаса ўсяго ў запасе: і дождж, і вецер, і сонца, і непагадзь». Дзяўчаты і сталыя жанчыны рабілі абярэгі, якія называлі «макавейчыкамі» — сцяблінкі каліны, сланечнікі, календулу, авёс, мяту, душыцу, мак, палын звязвалі ў букет і перацягвалі чырвонай стужкай, асвячалі ў царкве і хавалі на падаконні. Людзі верылі, што дапамога слабейшым і ўдовам па гаспадарцы ў гэты святочны дзень можа даць падставу спадзявацца на шчасце і дабрабыт.

У праваслаўных з 14 жніў­ня пачынаецца Успенскі пост — самы кароткі з усіх пастоў, які працягваецца два тыдні. Пачынаецца пост бурштынавым мядовым Спасам, яго сярэдзіна — Ператварэнне Гасподняе, заканчваецца святам Успення Божай Маці. Падчас паста ў панядзелак, сераду і пятніцу прадпісана сухая ежа, у аўторак і чацвер — гарачая ежа без алею, у суботу і нядзелю дазваляюцца стравы з алеем. У свята Успення можна есці рыбу.

Галоўнае ў гэты дзень помніць: Спас, у першую чаргу — гэта свята душы.

Аляксандра Славіна