Цёплым жнівеньскім днём родныя і сябры прыехалі павіншаваць юбіляршу. Сустрэча ператварылася ў вечар успамінаў. З цікавасцю слухалі ўнучка Юля і праўнучка Ева пра бабуліна жыццё — насычанае і нялёгкае…
Нарадзілася Сабіна на Талачыншчыне ў сям’і Разаліі і Пятра Пячураў у жніўні 1941 года. Ішла вайна… У пачатку яе бацька Пётр Андрэевіч загінуў. Сям’я Пячураў, маці Разалія і трое дзетак — Сабіна, Юзя і Генадзь, трапілі ў Германію. Там працавалі на гаспадара Цыглера ў г. Гінген. Колькі гора перажыла Разалія! Кожны дзень мог стаць апошнім у жыцці, асабліва, калі немец хацеў забраць у маці Сабіну. Заступіліся ўсе, не аддалі дзяўчынку.
Вызвалілі нявольнікаў амерыканцы ў лютым 1945 года. Вярнуліся на радзіму. Сабіна помніць гэты момант — як родныя падкідвалі яе на «ўра» ад радасці сустрэчы. Пасля вайны вучылася ў школе, затым працавала ткачыхай у Оршы.
Як аказалася яна, талачынская дзяўчына, у заронаўскім краі? Прыехала ў госці да Арлоўскіх, пазнаёмілася з Пятром Прышчэпавым і выйшла за яго замуж. Пабудавалі ў Палойніках сваю хату, нарадзілі і выхавалі дваіх дзяцей — сына Пятра і дачку Зою. Дзеці атрымалі адукацыю, зараз Пётр працуе ў Віцебску, а Зоя — у нашым раёне педагогам.
Працавала Сабіна з маленства. Таму і замужам заўсёды трымала вялікую гаспадарку: па дзве каровы, атару авечак (па 40-50 галоў), свіней, кур. Усё для таго, каб дзеці былі ў дастатку.Трэба сказаць, што і сына з дачкой выхавалі працалюбівымі. Яны ж былі першымі памочнікамі бацькам у нялёгкай сялянскай працы.
Пётр Апанасавiч Прышчэпаў працаваў трактарыстам, быў заўзятым паляўнічым. Але лёс адмераў яму ўсяго 67 гадоў.
Жыццё было складаным, але ж і радасным. Умелі працаваць, умелі і святкаваць. Успомніла Сабіна Пятроўна пра гадавыя ўрачыстасці: Новы год, 9 Мая, Дзень вясны, калі збіраліся сем’ямі. Песні спявалі, жартавалі, смяяліся — радаваліся маладосці, еднасці. З асалодай успомінае і той час, калі даводзілася быць сваццяй на вяселлях, помніць пра многіх мясцовых, каго ажаніла. Вось такія ўспаміны парадавалі і нас, слухачоў. Не было негатыўнага, хоць цяжкасцяў перажыла ого-го колькі. Яшчэ дадам, што сям’я Прышчэпавых надзвычай гасцінная. Заўсёды любога госця добра пачастуюць і яшчэ з сабой дадуць вясковых прысмакаў. Сёння Сабіна Пятроўна працуе на агародзе, падтрымлівае парадак у хаце і на падворку. Усіх прывячае, калі хто зойдзе адведаць. У Палойніках засталося ўсяго каля дзясятка жыхароў. Асабліва радуецца, калі прыязджаюць унук Юра са сваёй дачкой Евай і ўнучка Юля. Ад такіх сустрэч маладзее душа ў бабулі.
Людміла НІКІЦІНА