Дажынкі-2018

Менш чым праз тыдзень працаўнікі вёскі з усяго паўночнага рэгіёна збяруцца ў г. Верхнядзвінск на хлебаробскае свята, каб павіншаваць тых, хто дасягнуў лепшых вынікаў на ўборцы ўраджаю 2018 года.

Гасцей маштабнага сельскагаспадарчага форуму «Дажынкі-2018» райцэнтр прыме 28 верасня. Падрыхтоўка да абласнога фестывалю-кірмашу на завяршальнай стадыі: з кожным днём населены пункт мяняе сваё аблічча. Ужо рэканструявана большасць будынкаў, скончаны работы па мадэрнізацыі асноўных вуліц і дарог.
Падчас свята ў Верхнядзвінску адбудзецца ўрачыстае адкрыццё новага фізкультурна-аздараўленчага комплексу з басейнам, цэнтра культуры і 12-кватэрнага дома для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Ужо сёння госці і жыхары райцэнтра, што зусім  хутка стане галоўнай пляцоўкай аграфоруму, могуць убачыць на Юбілейнай плошчы «глобус» — сімвал «залатой паралелі», на якім размешчаны горад, а таксама своеасаблівую кампазіцыю-помнік рацэ на беразе Заходняй Дзвіны.

Як у самой сталіцы «Дажынак-2018», так і на пад’ездах да яе вока радуюць зялёныя газоны і рознакаляровыя клумбы, выклікаюць цікавасць усталяваныя малыя архітэктурныя формы, што падкрэсліваюць асаблівасці краю. Арыгінальныя кветкавыя кампазіцыі, якія стварылі сваімі рукамі ўдзельнікі абласнога конкурсу прафмайстэрства па ландшафтным дызайне, не перастаюць здзіўляць насельніцтва.

Падрыхтоўка да фестывалю-кірмашу аб’яднала ўсіх верхнядзвінцаў. У Год малой радзімы ўнесці ў агульную справу максімум карысці імкнуліся працоўныя калектывы, гараджане, вяскоўцы і ўсё гэта дзеля галоўнай мэты — зрабіць родны край не толькі прыгажэй, але і больш камфортным для жыцця. Людзі разумеюць, што абноўленая да «Дажынак» інфраструктура і пасля свята будзе служыць ім.