Бадзёрасць духу, пластыка і грацыя… Ноўкінскія пенсіянеркі ведаюць, як правесці свой вольны час цікава, а галоўнае — карысна для свайго здароўя. Жанчыны з клуба “Надзея” карыстаюцца “трэнажорным” рэцэптам маладосці.

“Харчуюцца” такой “знаходкай” у асноўным два разы на тыдзень. Жанчыны ўжо трэці год як выходзяць у спартыўны свет — займаюцца на трэнажорах і фітнэсам на базе ФСК “Ураджай”. Ідэя аб’яднаць у такую секцыю людзей, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, належыць мясцовым жыхаркам — Яўгеніі Ганюк і Лідзіі Кузнечык.

Многія скардзяцца на тое, што ў сталым ўзросце “балячкі” праяўляюць сябе найлепшым чынам, таму апускаюць рукі.  Ноўкінскія пенсіянеркі не губляюць аптымізму, паколькі лічаць, што праблемы са здароўем можна паправіць рэгулярнымі трэніроўкамі.

Гантэлі, бегавая дарожка, велатрэнажор… Вынік інтэнсіўных заняткаў на такіх спартыўных атрыбутах уражвае: у мінус адпраўляюцца лішнія кілаграмы, змяншаецца крывяны ціск, унармалізоўваецца працэс абмену рэчываў, умацоўваецца сардэчна-сасудзістая сістэма. Як адзначылі спартсменкі, трэнажоры і разнастайныя практыкаванні павялічваюць іх жыццёвы тонус, “працуюць” і на амаладжальны эфект.

Па словах прыхільніцы здаровага ладу жыцця Таццяны Печкуровай, спецыяльныя практыкаванні даюць магчымасць трымаць сябе ў форме. На асабістым вопыце яна ведае, што разам з правільным харчаваннем такія заняткі даюць станоўчы вынік.

Кантралюе, накіроўвае і дапамагае дасягнуць неабходных паказчыкаў інструктар па фітнэсу ФСК “Ураджай” Анастасія Палякова. Яна сочыць за тым, каб практыкаванні ўдзельніцамі клуба “Надзея” выконваліся   дазіравана. У Анастасіі Алегаўны да кожнай падапечнай індывідуальны падыход — усе фізічныя нагрузкі адпавядаюць ўзросту і асаблівасцям арганізма чалавека. Таму, нягледзячы на свой “залаты век”, ноўкінскія жанчыны могуць даць фору нават маладым дзяўчатам.

Вольга Булаўка.
Фота аўтара.