Фестывалі, святы, конкурсы з’яўляюцца асаблівым каталізатарам развіцця мастацкай творчасці і прадстаўляюць шырокую палітру культурнай дзейнасці ў рэгіёне. Адным з такіх мерапрыемстваў з’яўляецца раённае свята гульняў і ігрышчаў “Мазалаўскі карагод гульняў”, што збірае сапраўдных аматараў народнай творчасці, колькасць якіх год ад года ўзрастае. Сёлета гульні і танцы сплялі вянок-карагод у чацвёрты раз запар, у год святкавання 425-годдзя з першага згадвання пра мястэчка Мазалава.

IMG_4401Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Марыны Здольнікавай, свята ўжо стала яркай падзеяй у календары культурных з’яў Прыдзвіння, адной з візітных картак Віцебскага раёна. За мінулыя гады гэта мерапрыемства здолела заваяваць рэпутацыю аднаго з самых аўтарытэтных святаў, якія ладзяцца ў раёне. Сведчыць пра гэта тое, што пашыраецца кола ўдзельнікаў. Яны робяць яшчэ адзін крок па дасягненні асноўнай мэты праекта “Мазалаўская скарбонка: краязнаўства і этнаграфія”, які чатыры гады таму распрацаваў тады мастацкі кіраўнік Мазалаўскага сельскага ДК Андрэй Струнчанка, — далучэння да славутай багатай спадчыны.

У хуткім часе распрацоўка была вызначана пераможцам абласнога агляду-конкурсу інавацыйных праектаў па арганізацыі вольнага часу моладзі ў намінацыі “Патрыятычнае выхаванне”. У межах рэалізацыі мерапрыемстваў праекта было вырашана з 2011 года праводзіць свята “Мазалаўскі карагод гульняў”. Да ініцыятыўнай ідэі “бацькоў-стваральнікаў” — Андрэя Струнчанкі і Наталлі Буланчыкавай (у той час — Федуковіч), якіх  на арганізацыю і правядзенне дадзенага мерапрыемства натхнілі любоў да народнай творчасці, роднага слова і прага да ведаў гісторыі, далучыліся мясцовыя культработнікі. З таго часу на мазалаўскай зямлі штогод “душу раскрывае народ”.

—Кожная старонка роднай Беларусі багата на гістарычныя ўспаміны, традыцыі і звычаі, таму  што тут жыве працавіты народ, які шануе гісторыю і жадае паведаміць аб ёй усім, каб адзначыць непаўторнасць родных мясцін. “Мазалаўскі карагод гульняў” — своеасаблівая рэклама папулярызацыі местачковых традыцый, — адзначыў у сваім прывітальным слове старшыня Мазалаўскага сельвыканкама Леанід Дубіна.

Сёлета да іх далучыліся госці з аг. Мазалава Мсціслаўскага раёна, што на Магілёўшчыне. Адтуль прыехала дэлегацыя на чале са старшынёй сельвыканкама Леанідам Падальховым. Ён расказаў, што ўпершыню ў прыдзвінскім Мазалаве і вельмі ўражаны цёплым і шчырым прыёмам.

Як павялося спрадвеку, для госцейкаў адвялі самае шаноўнае месца, накармілі як мага смачней (за мазалаўскія прысмакі на свяце заўсёды адказваюць удзельніцы вакальна-харавога калектыву “Крыніцы”), перш-наперш прывітаўшы  хлебам-соллю, а яшчэ — добрай музыкай. Яе прывезлі, дарэчы, і магіляўчане. Ансамбль “Вясёлыя лыжкары” Мазалаўскага СДК пад кіраўніцтвам Анатоля Хомчанкі задаў рытмічную мелодыю для бадзёрага настрою. Хвіліна-другая і, нават, сонейка не вытрымала і зазірнула на пляцоўку мясцовага летняга амфітэатра.

—Упэўнены, што гэты візіт знойдзе працяг, бо ў двух населеных пунктаў шмат агульнага. Узяць хаця б развітую інфраструктуру аграгарадкоў, дзе побач з сацыяльнымі — вытворчыя аб’екты, — зазначыў Леанід Падальхоў, указваючы на тую акалічнасць, што нават імёны ў страшыняў сельвыканкамаў аднолькавыя. — Мы не проста землякі, мы — сваякі.

Адсюль і пажаданні жыць сто гадоў, мець здароўя сто пудоў, каб і сала ў кублах вялося, і малако ракою лілося, поўныя кішэні грошаў і долі харошай, сыпала ўслед загадчыца Дома культуры Валянціна Намазалыева.

Не шкадавалі добрых слоў у гэты дзень у адрас жаніха з нявестай, якія прыехалі на свята, адметнай рысай якога стала правядзенне вясельнага абраду. Алена і Карней Ганчаровы з Віцебска відавочна хваляваліся, але прайшлі ўсе “іспыты”, ад некаторых не толькі ім, але і ўсім прысутным стала “Горка!” Яго заядалі вымнянскай юшкай, запівалі кваском. Апошніх тут было аж два віды. Іх спецыяльна да свята падрыхтавалі мясцовыя гаспадыні ў межах конкурсу на лепшы рэцэпт прыгатавання славянскага напою.

Адным словам, хапала і хлеба, і відовішчаў. Першым “пусціў” карагод у хаду клуб гістарычнага мадэлявання і рэканструкцыі “Нагльфар” культурна-гістарычнага комплексу “Залатое кольца горада Віцебска “Дзвіна”. Яго падхапілі ўдзельнікі і калектывы мастацкай самадзейнасці мясцовага Дома культуры, Акцябрскай і Мазалаўскай ДзШМ, Сушчоўскага СДК, “Свае хлопцы і дзяўчаты” з Гарадка, Аляксандр Шломан і народны хор Вымнянскага СДК. Было чым здзівіць гасцей і ўдзельнікаў свята клубу народных майстроў “Традыцыя”. Вырабы з лазы і саломкі “трымалі” на сабе сонечныя промні і “дасылалі” іх усім, хто рушыў у карагод. Такіх тут сабраўся не адзін дзясятак.

У наступным годзе арганізатары плануюць “пір на ўвесь мір”, бо тут будуць услаўляць публіцыста, асветніка, грамадскага дзеяча XVIII стагоддзя Ігната Манькоўскага з нагоды 250-годдзя з дня яго нараджэння.

Таццяна Дзіканава.
Фота аўтара.