На гэтым тыдні пальму першынства ў раёне ўзяў маладзёжны экіпаж Аляксея Мясаедава і Аляксея Іванова з калгаса “Альгоўскае”, якія запісалі ў актыў гаспадаркі і раёна паўтары тысячы тон намалочанага зерня.

А. Мясаедаў, А. Іваноў

Хлопцы перакананыя, што трымаць высокую планку нялёгка, бо канкурэнцыя на жніве не менш сур’ёзная, чым, напрыклад, на прэстыжных спартыўных або творчых спаборніцтвах. Перамагчы хочацца ўсім, аднак поспеху дасягаюць толькі самыя вынослівыя, цярплівыя і мэтанакіраваныя.

Для Аляксея Мясаедава сёлетняя ўборачная кампанія — чацвёртая па ліку ў СВК “Альгоўскае”. Далучыўся ён да механізатарскай гвардыі гаспадаркі ў 2010-м.  Аляксей — з дынастыі працаўнікоў сельгасвытворчасці. З самага дзяцінства бачыў, як шчыруюць яго бацькі і ведаў, што “карміцелька” гультаёў не любіць. Яго маці працуе жывёлаводам на ферме “Бялынавічы”, а бацька ў СВК “Альгоўскае” трактарыстам-машыністам. З маленства хлапчук шмат часу праводзіў у полі, спачатку проста ездзіў у кабінцы трактара, а пасля, у падлеткавым узросце, пераняў ад бацькі пэўныя тэхнічныя навыкі, і той на пару хвілін саступаў сыну месца за рулём. Так Аляксей і праклаў першую ў сваім жыцці баразну. І не проста баразну, а, як аказалася, дарогу ў жыццё, па якой упэўнена крочыць сёння.

Памочнікам на збожжавым полі ў яго стаў Аляксей Іваноў, які скончыў Віцебскі дзяржаўны прафесіянальна-тэхнічны коледж сельгасвытворчасці (аг. Акцябрская). ён, як і калега па хлебнай ніве, таксама з’яўляецца прадаўжальнікам сямейнай справы — яго бацька працуе аператарам зернасушыльнага комплексу гэтай гаспадаркі.

Палявы дуэт Мясаедава і Іванова знакаміты супадзеннем: на адным камбайне працуюць не проста два Аляксеі. Маладыя людзі маюць аднолькавае імя па бацьку — Канстанцінавічы.

Урадлівая зямля не баіцца аддаваць залатую збажыну ў клапатлівыя рукі хлебаробаў. Сакрэт поспеху, на думку камбайнераў, залежыць ад многіх фактараў, у ліку якіх надзейная магутная тэхніка, урадлівыя палі, спрыяльнае надвор’е, добрая арганізацыя ўсяго працэсу ўборачнай, падтрымка родных і блізкіх.

Іх прыклад з’яўляецца натхняючым арыенцірам для іншых экіпажаў, якія неўзабаве таксама выйдуць на такі знакавы рубеж. Для гэтага ёсць усе аб’ектыўныя ўмовы, галоўныя з якіх — імкненне кожнага ўдзельніка жніва спаборнічаць на роўных і быць у ліку першых. Такую думку выказалі старшыня Віцебскага абласнога камітэта прафзаюза работнікаў АПК Аляксандр Кузьмянкоў і старшыня раённага Аляксандр Красоўскі, якія прыехалі павіншаваць рупліўцаў хлебнай нівы з вытворчай перамогай. Героям урачыстасці ўручылі Ганаровыя граматы, сувенірную прадукцыю арганізацыі, а таксама грашовыя прэміі.

Прафсаюзныя лідары адзначылі, што калі ў калектыве ёсць такія працаўнікі — маладыя, умелыя, неабыякавыя да справы, то ў гаспадаркі ёсць будучыня.

Намалоты ў гэтым калгасе растуць штодня і штогадзіну, а разам з імі — колькасць экіпажаў з паўтарытысячным намалотам. Так, Сяргей Воранаў і Арцём Бераснеў сталі другімі ў палявым рэйтынгу гаспадаркі і раёна. За працоўныя заслугі яны былі адзначаны ганаровымі граматамі райсельгасхарча і райкама прафсаюза работнікаў АПК, а таксама грашовымі прэміямі. Для Сяргея Мікалаевіча — гэта далёка не першая ўборачная кампанія. Ён ужо паспеў заявіць пра сябе на рэспубліканскіх “Дажынках” — да прыкладу, атрымаў на іх каштоўны прыз у выглядзе аўто.

Па адным дотыку да каласка можа вызначыць гатоўнасць да намалоту памочнік камбайнера Арцём. Любоў да зямлі яму прывіў бацька — галоўны аграном калгаса Дзяніс Бераснеў. Ён выказаў спадзяванне, што сёлета гаспадарка дасягне валавога збору больш за 13 тысяч тон. Ураджайнасць складае 61 ц/га.

Толькі тады ўздыхнуць хлебаробы з палёгкай, калі апошні камбайн пакіне поле, а машыны перавязуць усё намалочанае збожжа. Пакуль жа кожны дзень для іх — на вагу золата. Атрымаўшы падарункі, падзякаваўшы за ўвагу да сябе і клопат, механізатары паспяшаліся па сваіх месцах. Над нівай загучала прыемная слыху хлебаробаў музыка — гукі роўна працуючых камбайнаў на ўраджайным полі…

Вольга Булаўка.
Фота аўтара.