Прэзентацыя факсімільнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” адбылася ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна. Першыя пяць тамоў кніг з поўнага  збору беларускага першадрукара былі ўрачыста ўручаны цэнтральнай раённай бібліятэцы.

Бібліятэкары Алена Севастопалева і Людміла Абізур

Ініцыяваны праект, прымеркаваны да 500-годдзя выдання Скарынай першай кнігі для ўсходніх славян, ажыццяўляецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з ААТ «Банк БелВЭБ» і разлічны на 2013-2017 гады. У ходзе яго рэалізацыі будуць узноўлены ў выглядзе факсіміле ўсе кнігі знакамітага філосафа-гуманіста. У бягучым годзе ўбачылі свет першыя пяць тамоў. Такія эксклюзіўныя экзэмпляры — кнігі: «Быццё», «Выхад», «Лявіт», «Лічбы» і «Другі Закон» — адноўленага гістарычнага кніжнага помніка перадаў нашым бібліятэкарам Алене Севастопалевай і Людміле Абізур намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша.

На аснове электронных копій захаваных кніг асветніка, якія знаходзяцца ў бібліятэках і музеях Беларусі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, Літвы, Польшчы, Славеніі, Расіі і Украіны, факсіміле аднавіла арыгіналы Францыска Скарыны з максімальнай паўнатой. У іх захоўваюцца структура, змест, асаблівасці шрыфтоў і гравюр, набытыя на працягу 500-гадовага існавання. Усе выданні суправаджаюцца каментарыямі навукоўцаў, а таксама перакладамі прадмоў і пасляслоўяў на сучасныя беларускую, рускую і англійскую мовы.

Так, першая кніга Старога Запавету і ўсёй Бібліі змяшчае аповед пра стварэнне свету, пачатковую гісторыю чалавецтва і яўрэскага народа. Гэта кніга — своеасаблівая прэамбула да заканадаўчай часткі Пяцікніжжа. Асноўная тэматыка другой часткі — выхад сыноў Ізраілевых з Егіпта. З трэцяй кнігі пачынаецца навучанне ў яўрэйскіх школах, бо менавіта ў ёй змяшчаюцца асноўныя рэлігійныя запаведзі і правілы. Апісанні жыцця яўрэйскага народа ў пустыні, барацьбы з іншымі народамі, унутраных бунтаў  складаюць «Лічбы». «Другі Закон» уяўляе сабой аб’ёмную развітальную і павучальную прамову Майсея, сказаную напярэдадні пераходу праз Іардан і заваявання зямлі. У параўнанні з неаднароднымі і складанымі па структуры папярэднімі кнігамі Бібліі яна адрозніваецца высокім мастацкім узроўнем, кампазіцыйнай цэласнасцю.

Як адзначыла Людміла Абізур, у дзейнасці беларускага першадрукара адлюстраваліся гуманістычныя, асветніцкія і дэмакратычныя тэндэнцыі, павевы еўрапейскага Адраджэння, культурныя сувязі з замежнымі краінамі. Францыск Скарына належыць не толькі беларускай культуры, лёс звязаў яго з рознымі краінамі. Ён падараваў усім народам галоўнае багацце — друкаваную кнігу. І сёння ёсць унікальная магчымасць дакрануцца да захаванай духоўнай спадчыны.

Вольга Булаўка.
Фота аўтара.