Смачны ў нас прыдзвінскі квас. Пераканацца ў гэтым змаглі жыхары абласнога цэнтра і шматлікія госці ХХIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” ў мінулую нядзелю. На плошчы Свабоды Віцебскі раён прадстаўляў і абараняў свой брэнд — прыдзвінскі квас.

Гасціннасць — таксама брэнд нашага раёна

Па прызнанню наведвальнікаў, наша падвор’е вылучалася сярод астатніх каларытнасцю, гасціннасцю, шчодрасцю і весялосцю.

Гаспадары запрашалі зрабіць квас-тур у Мазалава і Ноўку, Вымна і Янавічы, Альгова і Тулава. Усе каларытна аформілі свое панадворкі, упрыгожыўшы іх калоссем, снапочкамі, палявымі кветкамі, а ў цэнтры кожнага, як і належыць, красаваліся бочачкі з квасам. Рэцэпты яго прыгатавання розныя — з разынкай, кіслінкай, гарчынкай і кожны — смаката. Гаспадынькі запрашалі гасцей пакаштаваць напою:

Асалоду ты адчуеш —
Толькі квасу пах пачуеш,
Калі ж кроплю паспытаеш,
Выпіць літр пажадаеш!

Гэта лепшы напой пасля лазні, таму і абсталявалі яе на падвор’і. Разнастайныя венікі — бярозавыя, дубовыя, ліпавыя, з ядлоўцам, прымессю траў прапаноўвалі гаспадыні. А разам з імі — коўшыкі, вяхоткі. Зазірнуць у квасавую лазню было шмат жадаючых.

Багаты асартымент прадукцыі, выключна з натуральнай расліннай сыравіны выставілі прадстаўнікі пасялення Звон-Гара. Узвышаліся на сталах боханы хлеба дамашняй выпечкі з пшанічнай, льняной, аржаной мукі — з семкамі, кунжутам, гарбузнятамі. З дубовай бочкі налівалі хлебны квас, а яшчэ частавалі соладавым, з лісцем чорнай парэчкі, мяты. Прапаноўвалі ферментаваныя травяныя чаі. Для ласуноў — разнастайны мед, соты, славянскія саладосці — пасцілу, прыгатаванню з канцэнтраванага ягаднага і фруктовага пюрэ. Для модніц — экалагічную касметыку — дэзадаранты і мыла, якое вараць па старынных рэцэптах з раслінных масел з дабаўленнем травяных сокаў. Прывабліваў званагорскі гардэроб льнянога адзення з ручной вышыўкай: славянскія касавароткі, кашулі, сарафаны.

Работнікі Шапечынскага Дома культуры Святлана Якаўлева і Ірына Пастаялкіна, акрамя страў беларускай нацыянальнай кухні, прадставілі шырокі асартымент лялек-абярэгаў. Тут жа давалі майстар-класс па іх вырабу і… атрымлівалі заказы. Да прыкладу, ішла жанчына ў царкву на хрысціны дзіцяці і папрасіла  шапечынскіх майстрых зрабіць два абярэгі — Пелянашку і Карміцельку.

Ганарыцца Віцебскі раён сваімі ўмельцамі, рамёствамі і знакамітымі землякамі. У в. Касцюкі, непадалеку ад Старога Сяла, жыў самы высокі чалавек у свеце Федар Махноў. Рост яго быў 285 см, даўжыня ступні — больш за паўметра, далоні — 32 см. Велікан сустракаў гасцей пры ўваходзе на Віцебскае падвор’е. Невялікую экспазіцыю аб ім падрыхтаваў раённы гісторыка-краязнаўчы музей. У прыватнасці, можна было ўбачыць гліняныя адбіткі следу і рукі старасельскага гіганта, патрымаць чаравік такога памеру, які ён насіў, сфатаграфавацца на фоне сілуэта Фёдара Махнова. Тут жа прадстаўлялася магчымасць паспрабаваць сваю сілу падняццем гіры. Буклеты з біяграфіяй велікана можна было ўзяць на памяць.

Пра Фёдара Махнова наведвальнікам распавядае дырэктар раённага музея Ларыса Якаўлева.

Цікавае відовішча разгарнулася на цэнтральнай сцэнічнай пляцоўцы плошчы Свабоды. Лепшыя калектывы мастацкай самадзейнасці абаранялі прыдзвінскі квас у пастаноўках, вершах, песнях, танцах. Народныя ансамблі народнай песні “Раніца”, “Вераснянка”, “Весялуха”, вакальная група “Дубравушка” і іншыя калектывы і выканаўцы весялілі народ. Музыкі гралі — квас праслаўлялі і Віцебскі раён, дзе жывуць працавітыя людзі, самабытныя майстры, захоўваюцца славянскія традыцыі.

Ніна Сталярэнка.
Фота аўтара.