Дзень беларускай пісьменнасці з’яўляецца нацыянальным святам і з 1994 года ладзіцца ў першую нядзелю верасня. Традыцыйна праходзіць у гарадах — гістарычных цэнтрах культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Знакавым з’яўляецца і тое, што гасцей вітаюць не абласныя, а невялікія гарады і мястэчкі са сваімі аўтэнтычнымі традыцыямі і звычаямі. Таму свята не толькі далучае людзей да роднай мовы і беларускай кнігі, але і знаёміць з прыгожымі мясцінамі роднай зямлі.

Фэст мае вельмі важнае значэнне для краіны, бо менавіта ў кнігах знайшлі адбітак гісторыя і традыцыі нашага народа. Беларусам ёсць чым ганарыцца: наша пісьменнасць мае шматвекавую культуру, а асветнікі вядомыя далёка за межамі краіны.

Штогод у мерапрыемстве прымаюць удзел кіраўнікі міністэрстваў, дзеячы літаратуры, культуры, навукі, мастацтва, журналісты, замежныя дэлегацыі. Паказальным з’яўляецца і тое, што Дзень беларускай пісьменнасці праводзіцца ў першыя дні новага навучальнага года. Адукацыя, інфармацыя і культура — тры галіны, якія фарміруюць інтэлектуальную эліту нацыі, яе сапраўднае і будучае.

У розныя гады сталіцамі свята станавіліся Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Мсціслаўль, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Ганцавічы, Быхаў, Хойнікі і іншыя. Двойчы свята прымалі Полацк (1994, 2003), Тураў (1995, 2004), Заслаўль (2000, 2014). Віцебская вобласць, багатая на літаратурныя таленты, не толькі ўпершыню сустрэла гэты фэст, але і адзіная, у якой святочныя мерапрыемствы праходзілі ўжо пяць разоў. Апошні — у горадзе Глыбокае тры гады таму. Тады свята было прысвечана году кнігі. А гэта сведчыць пра трывалыя гістарычна-культурныя традыцыі Віцебскага краю і багатую літаратурную спадчыну.

Апошні фестываль у прошлым годзе прайшоў у Заслаўлі — горадзе, які ўжо некалькі стагоддзяў атаясамліваецца з імем знакамітага беларускага кніжніка, сына Рагнеды Ізяслава. Сярод мерапрыемстваў, якія ладзіліся падчас форуму, асобай папулярнасцю карысталіся кніжная выстава, фотавыстава ваенных карэспандэнтаў. Можна было пагартаць і факсімільнае выданне Бібліі Францыска Скарыны з адаптаванымі варыянтамі на рускай, беларускай і англійскай мовах, уявіць сябе і першадрукаром, прайсці шлях друкавання кніг на копіях станкоў XVI стагоддзя.

У гэтым годзе гасцей сустрэне Шчучын, што на Гродзеншчыне. Передача эстафеты XXII літаратурнай сталіцы адбылася на цырымоніі закрыцця свята ў Заслаўлі.

«Шчучынскі раён і Гродзенская вобласць звязаны з імёнамі людзей, якія ўнеслі ўклад у беларускую культуру. Думаю, што наступныя ўрачыстасці прыцягнуць увагу не толькі жыхароў рэгіёна, але і ўсёй краіны, а таксама ўзнімуць літаратуру і мастацкае слова на яшчэ больш высокі ўзровень», — адзначыў тады намеснік міністра інфармацыі Беларусі Уладзімір Матусевіч.

Адным са знакавых момантаў свята стане адкрыццё палаца Друцкіх-Любецкіх, які знаходзіўся на рэстаўрацыі больш за дзесяць гадоў. Тут будуць размешчаны Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі і раённы музей.
Родам са Шчучынскага раёна і Вольга Русілка — знакамітая віцебская паэтэса, літаратуразнавец, аўтар зборнікаў вершаў «Табе» і «Ажына».

Свята дае ўнікальную магчымасць сустрэцца з жывым словам, удзельнікамі творчага працэсу стварэння кніг, газет і часопісаў. У рамках фэста ўсе жадаючыя могуць пазнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухаць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў. Стала добрай традыцыяй узнагароджванне пераможцаў конкурсу на лепшыя літаратурныя творы года, навукова-практычныя канферэнцыі.

Чым жа арганізатары фэста здзівяць гасцей сёлета? Адказ на гэтае пытанне атрымае кожны, хто наведае Шчучын шостага верасня.

Юлія Гаўрыленка.