У Мазалаўскім сельскім доме культуры падведзены вынікі ўжо традыцыйнай для гэтай установы выставы-конкурсу фотаздымкаў замежных студэнтаў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава — удзельнікаў клуба інтэрнацыянальнага сяброўства «Згода».
На здымку: Бі Кайсюань з юнай наведвальніцай выставы
Упершыню падобнае мерапрыемства адбылося ў межах сацыякультурнага праекта «Дыялог народаў і культур» у 2015 годзе, тады было прадстаўлена 40 фотаздымкаў (на гэты раз — больш за 120 фотаработ). Фотаздымкі адлюстроўвалі традыцыі, культуру, разнастайнасць прыроды краін і кантынентаў — сталіцы, нацыянальныя стравы, навакольны свет, адзенне і святочныя дзеі Грэцыі, Кітая, Лівана, Туркменістана, Шры-Ланкі і Эквадора.
Па выніках выставы-конкурсу Гран-пры атрымалі Дан Бінхуай і Бі Кайсюань з Кітая. Вызначаны пераможцы ў намінацыях «Сталіца», «Пейзаж», «Культура», «Нацыянальныя стравы», «Нацыянальная жывёла/расліна». Членамі журы адабрана лепшая работа ў намінацыі «Мы і Беларусь» — фотаздымак Анушыя Баласунндарам са Шры-Ланкі. Спецыяльнымі прызамі ў намінацыі «Прыз глядацкіх сімпатый» адзначаны Шэнь Ісюань (Кітай) і Карым Ібрагім (Ліван).
Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца ў красавіку бягучага года падчас правядзення свята нацыянальных культур у Мазалаве. А пакуль культработнікі разам з сябрамі клуба «Згода» рыхтуюцца да выставы-конкурсу малюнкаў на тэму «Нас пасябравала Беларусь».
Дарэчы, у лістападзе 2017 года праект «Дыялог народаў і культур» быў адзначаны дыпломам ІІ ступені ў конкурсе інавацыйных праектаў і інфармацыйна-метадычных модуляў «Студэнцтва свету: творчая садружнасць», што праходзіў падчас рэспубліканскага фестывалю творчасці замежных студэнтаў «Fest-ART.by».
Андрэй Струнчанка