Сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з актывам БРСМ — сучасным прадаўжальнікам традыцый УЛКСМ — прайшла 29 кастрычніка ў Палацы Незалежнасці.
На здымку: у час сустрэчы
Кіраўнік дзяржавы ў самым пачатку прызнаўся, што на ўсялякі выпадак захапіў свой камсамольскі білет на гэта мерапрыемства. «Мы сустракаемся тут — у Палацы Незалежнасці — як сведчанне таго, што тыя юныя, маладыя людзі, якія яшчэ не сталі на ногі, не дарэмна гінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, як сведчанне павагі да працоўнага подзвігу, які здзейсніла іх пакаленне, і таго, што мы дзякуючы ім і тым загінулым зрабілі для нашай суверэннай Беларусі, стварыўшы і пабудаваўшы гэту дзяржаву», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Стагоддзе камсамола Прэзідэнт назваў знамянальным днём для ветэранаў арганізацыі, цяперашняй моладзі, прадаўжальнікаў традыцый самага масавага маладзёжнага руху. «Бачыць вас, пераемнікаў саюза моладзі, — быццам вярнуцца ў сваё юнацтва, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта свята ў мяне, як і ў многіх нашых суайчыннікаў, выклікае самыя светлыя і добрыя ўспаміны. Таму што камсамол — гэта маладосць, нястрымная энергія жыцця. Час высакароднага імкнення змяніць свет да лепшага».
«У гэтым плане сёння нічога не змянілася. Па-рознаму мы хочам гэты свет змяніць, магчыма, крыху іншымі метадамі, чым раней. Але мы хочам гэты свет змяніць да лепшага. Гэта галоўная задача нашай моладзі», — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гісторыя стварэння і станаўлення арганізацыі была далёкая ад рамантыкі: «Першыя камсамольцы — гэта дзеці рэвалюцыі і страшэннай грамадзянскай вайны (якая была развязана і на тэрыторыі нашай Беларусі). Складанай эпохі, адназначную ацэнку якой да гэтага часу не могуць даць ні вучоныя, ні палітыкі».
«Але камсамольцы пакінулі нам прыклады беззапаветнай адданасці Айчыне, шчырай веры ў ідэалы сумленнасці і справядлівасці, дастойныя пераймання», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён нагадаў, што ў пачатку мінулага стагоддзя юнакі і дзяўчаты ў літаральным сэнсе адраджалі краіну. Пры гэтым працаваць і жыць часта даводзілася ў вельмі цяжкіх умовах. «Але быў энтузіязм. Было шчырае жаданне стаць карысным для сваёй Радзімы, узяць на сябе адказнасць за яе будучыню. Менш за ўсё моладзь таго пакалення думала пра матэрыяльныя даброты. Гэта быў сапраўды патрыятычны рух», — сказаў беларускі лідар.
«І як бы ні хацелася камусьці сказіць гэту гісторыю, выкласці па-свойму, але яна падмацавана рэальнымі фактамі, лічбамі, дакументальнай хронікай. На старых кадрах мы бачым шчырыя, натхнёныя твары. Такое не сыграеш», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб крытыцы камсамольскага і маладзёжнага руху, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэта было заўсёды: «Я таксама крытыкаваў нашых лідараў камсамольскіх за нейкую заарганізаванасць, фармалізм і гэтак далей. Усё было». Пры гэтым ён адзначыў, што і сам быў на працягу некалькіх гадоў звязаны з камсамольскай работай.
«Тут аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны таго, што нашу арганізацыю не ўсе ўспрымаюць з натхненнем нейкім і адназначнасцю. Адназначнасці не будзе. Гэта дакладна. А тое, што не ўсе ўспрымаюць станоўча, — да гэтага трэба ставіцца спакойна», — лічыць беларускі лідар.
Пэўныя палярныя пункты гледжання кіраўнік дзяржавы звязвае і з тым, што ідзе барацьба за моладзь, якой трэба будзе жыць і працаваць не толькі ў Беларусі, але, магчыма, і за мяжой. «Толькі не страчвайце свае карані», — заклікаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні закрануў і тыя пазіцыі, якіх трэба прытрымлівацца моладзі. «Як Прэзідэнт я хачу, каб вы не хіліліся ні ўлева, ні ўправа. Каб вы разумелі, што вам трэба жыць, ствараць сем’і, гадаваць дзяцей. Вы павінны ў гэты бурны час, каб не патануць, прытрымлівацца спакойных цэнтрысцкіх арыенціраў, якія бачны перад вамі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама заклікаў маладых людзей старацца не рабіць памылак, за якія ім потым можа быць балюча, а тым больш, якія ў далейшым нельга будзе выправіць.
Лукашэнка: дзяржава робіць усё для захавання міру і спакою ў Беларусі
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з актывам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
«Дзяржава робіць усё для захавання міру і спакою на нашай зямлі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але ваша задача не даць шанцу нават на спробу выкарыстоўваць ваш розум, інтэлект і энергію ў разбуральных мэтах. Вы стваральнікі, павінны імі быць. Гэта ваш генетычны код, калі хочаце. Прыродай і спадчыннасцю ў кожным з вас першапачаткова закладзена вялікая ўнутраная сіла дабра. І мы, славяне, гэтым ад многіх адрозніваемся».
Прэзідэнт канстатаваў, што ўсе факты, звязаныя з асноўнымі вехамі развіцця камсамольскага руху, не выклікаюць ніякага сумнення, іх нельга перапісаць або ўтаіць, яны назаўсёды засталіся ў гісторыі. «Але паняцці дружбы, братэрства, адзінства, любові да Радзімы, веры ў будучыню, якія сталі гімнам Усесаюзнага ленінскага камуністычнага саюза моладзі, і праз 100 гадоў не страцілі сваёй актуальнасці. Таму, калі распаўся саюз і новыя дзяржавы перакрэслілі слаўную гісторыю камсамола, мы падхапілі яго сцяг і перадалі сваім дзецям, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Наш здабытак у тым, што толькі мы, няхай у іншым выглядзе, пад іншай назвай, захавалі нашу маладзёжную арганізацыю. Мы былі першыя, хто пайшоў гэтым шляхам. А сёння за намі ідуць і іншыя, і вялікая Расія таксама прыйшла да разумення гэтага».
Ствараючы маладзёжную арганізацыю, у Беларусі нічога не выдумлялі, а ўзялі за аснову сувязь пакаленняў, пераемнасць, гістарычную памяць, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. «Вы павінны ведаць і помніць, што з’яўляецеся наследнікамі герояў, што трэба жыць так, каб не было сорамна перад іх памяццю. Берагчы праўду аб гераічным мінулым, расказваць яе падрастаючаму пакаленню, потым — сваім дзецям. Захаваць мір і адзінства, завешчаныя нам камсамольцамі. Прадоўжыць іх справу — жыць і працаваць у імя шчасця і дабрабыту будучых пакаленняў», — дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пабудавана моцная, суверэнная дзяржава, былі захаваны лепшыя дасягненні адыходзячай эпохі, каб новыя пакаленні нараджаліся і раслі ў мірнай, незалежнай краіне, ведалі свае карані, разумелі традыцыі і паважалі гісторыю.
«Так і выйшла. Мы выхавалі дастойнае пакаленне. Але, на жаль, у глабальным і маральным сэнсе свет не стаў лепшым. Барацьба дабра і зла не спыняецца. Яна пранікае ў духоўную, сацыяльную, эканамічную і палітычную сферы. Праз кнігі, навіны, фільмы, рэкламу, моду. Гэта фронт, дзе не страляюць, але таксама б’юць на паражэнне — толькі праз свядомасць людзей. Гэта самае небяспечнае і самае страшэннае», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Не страціць у такой бітве сваё маральнае аблічча, свой свет — гэта подзвіг, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Задача моладзі, паводле яго слоў, — адстойваць высокія ідэалы сумленнасці і справядлівасці, традыцыйныя духоўныя каштоўнасці ў свеце скептыкаў і цынікаў, у свеце канфліктаў і войнаў, якія няхай і не закранулі беларускую зямлю, але падышлі вельмі блізка да яе межаў.
«Наша з вамі задача — уберагчы гэты кавалачак ад узрушэнняў, бо няма дзе будзе жыць ні нам, ні вам, ні тым больш нашым дзецям», — сказаў Прэзідэнт.
«І калі прасочым храналогію вядомых трагічных падзей, то ўбачым, што кропкай адліку многіх стала мэтанакіраванае маніпуляванне свядомасцю моладзі. І ўсюды ў гэты працэс зацягвалі моладзь, і яна ішла. Таму што моладзь, якімі б вы ні былі, вы яшчэ нявопытныя, у вас няма гэтай жыццёвай сілы, якую вы набываеце з часам», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка прапануе на заканадаўчым узроўні надзяліць БРСМ уладнымі паўнамоцтвамі
«Мы ў некаторай ступені недастаткова ўвагі ўдзяляем нашаму маладзёжнаму руху. І нам трэба заняцца гэтым пытаннем неадкладна, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Яны (актыў БРСМ. — Заўвага БЕЛТА) павінны ўнесці прапановы, зыходзячы ўжо са свайго, няхай невялікага, вопыту, што мы можам зрабіць і чаго яны хочуць. А мы, улада, павінны адказаць на гэта пытанне законамі, указамі, распараджэннямі, каб надзяліць нейкімі ўладнымі паўнамоцтвамі, мякка кажучы, правамі гэту маладзёжную арганізацыю».
Прэзідэнт падкрэсліў, што ініцыятыва павінна зыходзіць менавіта ад маладых людзей. Ён правёў аналогію з развіццём у краіне сферы высокіх тэхналогій: улада не ўказвала ІТ-кампаніям, як яны павінны развівацца, а выслухала іх прапановы і рэалізавала лепшыя з іх.
«Вы зрабілі правільны выбар, папоўніўшы рады нашай маладзёжнай арганізацыі. Цяпер вы павінны зрабіць так, каб арганізацыя стала ў добрым сэнсе слова сапраўды баяздольнай, — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да ўдзельнікаў сустрэчы. — Вас шмат, але вы не ўся наша моладзь. І вы павінны стаць цэнтрам прыцяжэння для астатніх равеснікаў і ўсіх дзяцей Беларусі, прыкладам актыўнага, сур’ёзнага ўдзелу ў жыцці краіны, каб за вамі пайшлі астатнія».
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што самае галоўнае на гэтым шляху — адсутнасць усялякага фармалізму. «Не трэба нікога сілай цягнуць у арганізацыю. Гэта будзе нават не столькі важна: у арганізацыі наша моладзь ці не. Галоўнае, каб вы маглі ўплываць на тую моладзь, якая засталася па-за арганізацыяй. А для таго, каб за вамі пайшлі, трэба жыць тым жыццём, якім жыве сёння моладзь. Калі вы адгарадзіліся ад моладзі нейкай непраходнай сцяной, грош вам цана, вы проста загубіце будучае маладзёжнай арганізацыі. Вы павінны рабіць тое, чым жыве моладзь, і быць на паўкроку, на крок наперадзе, каб быць арыенцірам для яе», — адзначыў Прэзідэнт.
«Трэба менш гучных слоў і больш канкрэтных спраў. Не распыляйцеся, не спрабуйце ахапіць усё і быць усюды — вы не паспееце. Вызначыцеся ў галоўным, па меры руху вы будзеце дабаўляць тыя ці іншыя напрамкі, якія зможаце пацягнуць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Не кідайцеся на тое, чаго вы не можаце пацягнуць… Сёння ідзе барацьба, страшэннае проціборства, памылак дапускаць нельга, паколькі праціўнікі будуць жорстка гэта выкарыстоўваць. Яны будуць рабіць усё для таго, каб вы спатыкнуліся і ўпалі. Таму будзьце акуратныя і асцярожныя, давайце будзем разам раіцца».
У якасці новых напрамкаў дзейнасці Аляксандр Лукашэнка прапанаваў ствараць моладзі рабочыя брыгады, паколькі ў краіне сёння не хапае рабочых рук, ёсць дзе прымяніць свае сілы ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы. «Вам будуць рады на нашым новым заводзе «БЕЛДЖЫ», на БелАЗе, на швейных і іншых прадпрыемствах. Гэта будзе ваш уклад ва ўмацаванне эканомікі краіны. Вазьміце шэфства над будаўніцтвам вялікага аб’екта. Назавіце яго «маладзёжным», каб таксама пакінуць свой БАМ у гісторыі ўжо сучаснай Беларусі», — дадаў Прэзідэнт.
«Кожны з вас павінен зразумець: нічога ў свеце не даецца без вельмі цяжкай працы і выпрабаванняў, лёгкага хлеба не бывае, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Трэба актыўней падключацца да пытанняў дзяржаўнага кіравання. Калі ў вас ёсць сур’ёзныя прапановы, мы можам абмеркаваць іх сёння. Слушныя, разумныя ідэі будуць пачуты і ўлічаны».
Аляксандр Лукашэнка пажадаў маладым людзям быць стойкімі, непахіснымі і цвёрдымі, абараняючы сваё роднае: зямлю і людзей, гісторыю краіны і памяць, культуру і каштоўнасці. «Пры гэтым заставайцеся сумленнымі і прыстойнымі. Проста будзьце добрымі людзьмі. Толькі так мы захаваем нашу Беларусь», — рэзюмаваў ён.
Лукашэнка: трэба дакладна вызначыцца з роллю саюза моладзі ў Беларусі
«Трэба вызначыцца нарэшце з тымі напрамкамі, па якіх будзе працаваць моладзь», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
У якасці прыкладу ён прывёў студатрадаўскі рух: «Гэта цудоўная форма. З пункту гледжання таго, што моладзь, асабліва цяпер, акунаецца ў гэту фізічную працу. І не толькі фізічную. Вучыцца зарабляць першы рубель для сябе. Вось добры напрамак, які ў добрым сэнсе слова манапалізаваны нашым саюзам моладзі».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з’яўляюцца і новыя рухі — валанцёрскія, настаўніцтва, догляд і дапамога хворым і нядужым, ветэранам. «Але трэба вызначыцца і дакладна даць сігнал нашаму грамадству, моладзі, чым вы будзеце займацца. А органам улады — нам трэба, не баючыся, сумленна і шчыра сказаць, якой уладай мы зможам надзяліць сёння моладзь, у чым яны могуць быць памочнікамі дзяржавы, у чым мы іх будзем падтрымліваць. Хоць на ўзроўні закона», — сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што буйныя аб’яднанні, такія як рэспубліканскі саюз моладзі, з’яўляюцца і асновай грамадзянскай супольнасці, хоць пэўнымі коламі прынята адносіць да гэтай катэгорыі толькі тыя арганізацыі, якія «ваююць супраць дзяржавы».
«У свой час я дакладна адказаў на пытанне, што такое для нас грамадзянская супольнасць. Мы не развалілі маладзёжную арганізацыю. Яна ў нас ёсць. Чым гэта не апора нашай грамадзянскай супольнасці», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
У аналагічным ключы Аляксандр Лукашэнка выказаўся адносна прафсаюзаў, жаночай, ветэранскай арганізацый. «Яны павінны тут (разам з маладзёжнай арганізацыяй. — Заўвага БЕЛТА) іграць галоўную скрыпку. Ну а той, хто хоча ў аркестры далучыцца да гэтай галоўнай скрыпкі і іграць, — калі ласка, далучайцеся, гэта кола не закрыта. Таму нам трэба дакладна вызначыцца, якую ролю будзе адыгрываць маладзёжная арганізацыя, якія ў яе правы, улада», — рэзюмаваў беларускі лідар.
Лукашэнка: справядлівасць павінна ляжаць у аснове ідэалогіі беларускай дзяржавы
Кіраўнік дзяржавы раскрыў гэту тэму на прыкладзе нядаўніх сацыялагічных даследаванняў у Расіі, у час якіх людзі на першае месца паставілі пытанні справядлівасці. Гэта пытанне заўсёды ляжала ў аснове палітыкі, праводзімай у сучаснай Беларусі. «Людзі патрабуюць справядлівасці. Вось наша ідэалогія, якой мы павінны прытрымлівацца», — падкрэсліў беларускі лідар.
«Запатрабаванне на справядлівасць не толькі ў Расіі. У нас заўсёды было», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы пра народ Беларусі, ён выказаў упэўненасць, што людзі ніколі не пацерпяць несправядлівасці. «Таму і палітыку мы праводзім больш мяккую, спакойную, нацэленую на справядлівасць. Але не ў будучым, а ў сучасным», — сказаў ён.
Лукашэнка назваў касмічную галіну, ІТ і БелАЭС кропкамі будучага росту краіны
Як перакананы Прэзідэнт, без іх дзяржава не змагла б развівацца ў сучасных умовах. «Нам патрэбны кропкі росту і росту менавіта будучага, — лічыць ён. — Пабудаваць проста завод сёння недастаткова. Свет развіваецца па пэўных напрамках, і тэмпы шалёныя. Нам удалося заняцца тым, што потым, у будучым, будзе вельмі важна, гэта ў тым ліку энергетыка, аднаўляльныя крыніцы энергіі».
Прэзідэнт растлумачыў, што будаўніцтва БелАЭС «пацягне за сабой развіццё ўсёй эканомікі нашай невялікай краіны». Гэты аб’ект у працэсе стварэння быў Усебеларускай маладзёжнай будоўляй, на ім актыўна працавалі студатрады. Цяпер жа трэба падумаць, на якім важным дзяржаўным аб’екце ў далейшым будуць сканцэнтраваны намаганні студэнцкіх атрадаў.
Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на важнасці развіцця касмічнай сферы, а таксама будучай лічбавізацыі Беларусі, перспектывах развіцця ІТ-галіны.
У трохгоддзі малой радзімы ў Беларусі 2019 год можа быць прысвечаны азеляненню і прыродзе
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што 2019 год у рэспубліцы, які таксама пройдзе пад знакам Года малой радзімы, можа быць прысвечаны азеляненню і прыродзе.
Адказваючы на пытанні моладзі, кіраўнік дзяржавы зрабіў асаблівы акцэнт на прыродным багацці Беларусі, лясах і балотах, якія называюць «лёгкімі Еўропы». «Я вырас на прыродзе, чалавек з вёскі. Для мяне гэта блізка», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка выказаўся ў падтрымку далейшай работы па азеляненні беларускіх гарадоў і сталіцы не толькі напярэдадні маючых адбыцца Еўрапейскіх гульняў, але і на перспектыву. Гэтаму напрамку будзе ўдзелена дадатковая ўвага і ў рамках Года малой радзімы, пад знакам якога ў Беларусі праходзяць 2018-2020 гады. «Калі я прымаў рашэнне аб тым, што гэта (2018-ы. — Заўвага БЕЛТА) будзе Год малой радзімы, я разумеў, што за год многае зрабіць не паспеем. Таму будзе тры гады. Але ў кожным годзе будзе нейкая ідэя, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Можа, працэс азелянення, адраджэння прыроды малой і вялікай радзімы стане асноўным ідэйным зместам 2019 года. У бліжэйшы час падумаем — міністры, Адміністрацыя, моладзь сваё слова скажа».
Ад прадстаўнікоў моладзі прагучала прапанова ва ўсіх рэгіёнах Беларусі адкрыць паркі сямейных дрэў, дзе людзі маглі б пасадзіць дрэва да нейкай знамянальнай для іх сямейнай падзеі. «Цудоўная ініцыятыва. Абсалютна падтрымліваю. Чалавек прыйдзе і па плане, які будзе ў парку, пасадзіць сваё дрэўца», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён прызнаўся, што сам ужо так зрабіў, пасадзіўшы дрэвы са сваімі сынамі і на тэрыторыі Палаца Незалежнасці, і жылой рэзідэнцыі.
Кіраўнік дзяржавы падтрымаў яшчэ адну прапанову — у наступным годзе правесці рэспубліканскі форум вясковай моладзі. Такое мерапрыемства ўжо добра зарэкамендавала сябе на рэгіянальным узроўні ў Мінскай вобласці. Аляксандр Лукашэнка таксама паабяцаў наведаць гэту падзею, калі паступіць такое запрашэнне.
Лукашэнка падтрымаў ідэю БРСМ аб больш шырокай папулярызацыі дзяржаўнай сімволікі
Прадстаўнікі БРСМ у час сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам вылучалі шмат прапаноў, і адна з іх датычылася больш шырокай папулярызацыі дзяржаўнай сімволікі краіны.
У прыватнасці, удзельніца сустрэчы Настасся Лапко расказала аб тым, што ў час узыходжання на самыя высокія горы Еўропы і Афрыкі, Эльбрус і Кіліманджара яны з мужам з гонарам устанавілі там дзяржаўны сцяг Беларусі. Прадстаўнік БРСМ прапанавала больш шырока папулярызаваць сімволіку краіны. На яе думку, беларускі сцяг павінен быць у кожнай сям’і, і прапанавала зрабіць пры будучым перапісе насельніцтва такі падарунак у кожны дом.
Кіраўніку дзяржавы спадабалася такая прапанова: «Гэта добрая ідэя, мы не проста падумаем, а рэалізуем яе».
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што традыцыя шырока папулярызаваць нацыянальную сімволіку ёсць у многіх краінах.
Лукашэнка расказаў, чаму даражыць БРСМ
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з актывам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі расказаў, чаму так даражыць гэтай арганізацыяй.
Кіраўнік дзяржавы сказаў, што ў яго часта цікавяцца, чаму ён такую ўвагу ўдзяляе развіццю ў краіне маладзёжнага руху.
«Скажу вам упершыню і адкрыта тое, аб чым я гаварыў у самым вузкім асяроддзі. Я заўсёды гавару прагматычна: а калі заўтра са стрэльбай давядзецца паўстаць на абарону сваёй Радзімы? Я, як галоўнакамандуючы, хіба ж абыдуся толькі той структурай і сістэмай, якая створана ва Узброеных Сілах і міліцыі? Не. Нам давядзецца раздаць кожнаму, перш за ўсё мужыку, ды і дзяўчыне, зброю, каб абараніць, ну добра, не Радзіму, сябе і сваю сям’ю, сваіх дзяцей», — адзначыў Прэзідэнт.
«Раптам, не дай бог, канфлікт, вайна — якія ты структуры задзейнічаеш? Як было ў Вялікую Айчынную вайну? Камуністы, камсамольцы наперад. Таму што была моцная партыйная арганізацыя, дзяржаўная ўлада ў ёй была сканцэнтравана, і маладзёжная арганізацыя. Людзі жылі, ваявалі, гінулі і прынеслі нам Перамогу, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Гэту структуру ў цяжкую, няхай нават не ваенную мінуту кіраўнік дзяржавы (не будзе мяне, будзе нехта іншы), урад змогуць задзейнічаць. Гэта каласальны рэзерв, які сёння створаны».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што саюз моладзі павінен функцыянаваць як гадзіннік — ад першага сакратара да пярвічнай ячэйкі.
«Калі гэтага ў вас не будзе, лічыце, што вы падманулі мяне, народ і дарэмна патрацілі грошы, няхай нават невялікія. Гэты касцяк павінен дзейнічаць, і тады ў цяжкія перыяды я магу задзейнічаць многія рычагі для таго, каб мабілізаваць краіну. Вядома, галоўны касцяк — гэта органы ўлады, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Але спыняцца нельга, трэба ўдасканальвацца, таму што задзейнічаць структуру на поўную моц можна толькі тады, калі вы будзеце мець вялікі аўтарытэт у моладзі, нават у той, якая не будзе членамі вашага саюза».
БелТА