Павялося лічыць, што да­глядаць старэнькіх бацькоў — даччына доля. Маўляў, сын як ажэніцца — адрэзаны кусок, ды і не мужчын­ская справа выконваць жаночыя абавязкі. Знаёмства з Праскоўяй Цімкінай вымусіла абвергнуць падобнае ўяўленне.

Хата доўгажыхаркі прытулілася ў засені дрэў на самым краі в. Добрына. Гэта цяпер у населеным пункце гаспадараць у асноўным дачнікі. Раней жа ён быў адным з буйнейшых у Ноўкінскім сельсавеце, тут налічвалася пад паўтары сотні двароў. Магазін, кантора, клуб, бібліятэка, ды і ферма, дзе працавала Праскоўя Ягораўна, знахо­дзіліся ў самым пачатку вёскі — за гадзіну туды-назад не дабярэшся. Таму паратункам быў веласіпед. На ім Цімкіна накручвала дзясяткі кіламетраў у дзень. Двухкалёсным транспартам карысталася нават, калі было ўжо за 80. Родныя лічаць, што такія «трэніроўкі» значна ўмацавалі здароўе жанчыны. У свае 100 год яна па вялікаму рахунку абыходзіцца без дактароў, не п’е лекі, а нейкае недамаганне знімае адварам траў.

Афіцыйна бабуля жыве адна, але тры сыны па чарзе практычна штодня з горада наведваюцца да маці — гатуюць для яе, прыбіраюць у хаце, даглядаюць невялікую гаспадарку, у якой дзве казы і куры. Увішна шчыруюць мужчыны на бацькоўскай зямельцы, у агародзе вырошваюць спрадвечна сялянскія культуры. Праскоўя Ягораўна на сваіх нагах, сама сябе абслугоўвае, можа нават коз падаіць, але дзеці засцерагаюць маці ад турбот. «Залатыя сыны ў нашай цёткі, — сведчыць пляменніца Цімкінай і ў адной асобе старэйшына вескі Добрына Галіна Голуб. — Яна рана засталася ўдавой, і хлопцы змалку не сваволілі, а ва ўсім дапамагалі маці».

Усё Параскіна жыццё звязана з гэтымі мясцінамі — тут нарадзілася ў шматдзетнай сям’і Латышэўскіх. Шмат працавала, перад вайной выйшла замуж за Ціхана Цімкіна, у хуткім часе праводзіла мужа на фронт. Першынца Івана нарадзіла ў акупіраванай немцамі вёсцы, а ў пераможным 45-м на свет з’явіўся Мікалай, потым — Анатоль, за ім — Аляксей. Малодшы, на жаль, не дажыў да матчынага стагоддзя.

Адвечныя сялянскія клопаты загартавалі жанчыну. Праскоўя Ягораўна працавала на зруйнаванай пасля вайны зямлі, гадавала сыноў, каб іх накарміць,
адзець-абуць трымала вялі­кую гаспадарку. Перад пенсіяй каля 20 год адпрацавала даяркай. «Групу кароў у перадавыя вывела, — успамінае той час былая брыгадзір фермы Марыя Пятрова. — Вялікая акуратыстка была баба Паша — заўсёды ў белай хусцінцы, чыстым халаціку.

Усюды паспявала на сваім веласіпедзе — і на рабоце, і дома».

У юбілейны дзень на падвор’і Цімкіных сабралася вялікая радня — дзеці, унукі, праўнукі, пляменнікі. Напяклі пірагоў, у двары пад вішнёвымі дрэвамі накрылі стол. Да блізкіх далучылася яшчэ шмат гасцей: прадстаўнікі Ноўкінскага сельвыканкама, УП «Рудакова», сацыяльнай службы, грамадскіх арганізацый. Новы пашпарт выдала  юбілярцы разам з падарункамі і добрымі пажаданнямі начальнік упраўлення па грамадзянству і міграцыі УУС аблвыканакама Святлана Авік. Ад сацыяльнай службы і раённай арганізацыі «Белая Русь» павіншавала доўгажыхарку і ўручыла падарункі дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кацярына Лазоўская.

«Такія людзі, як Вы, — працавітыя, моцныя духам, мэтанакіраваныя стварылі саўгас «Рудакова». Вы ўпісалі ў гісторыю нашай гаспадаркі яркую старонку», — звярнулася да віноўніцы ўрачыстасці старшыня прафсаюзнага камітэта ўнітарнага прадпрыемства Любоў Салава. А старшыня райкома прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Дзіканава дабавіла: «Не вельмі часта адзначаюцца такія даты, таму Вы, Праскоўя Ягораўна,  з’яўляецеся набыткам не толькі «Рудакова», але і ўсяго раёна, бо служыце прыкладам жыццялюбства, працавітасці, стойкасці для маладога пакалення».

Старшыня раённага савета ветэранаў Ніна Казлова выказала пажаданне часцей збірацца з прычыны такіх падзей. З практыкі работы з пажылымі людзьмі яна ведае каштоўнасць сваяцкіх сувязей і ўпэўнена, што сыноўскія клопат і любоў даюць маці сілы жыць.

«Няхай матчына сэрца і надалей будзе спакойным за дзяцей, унукаў і праўнукаў, за іх мірнае жыццё на сваёй зямлі», — пажадала старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Таццяна Верамей.  Насамрэч Праскоўя Цімкіна заслужыла гэту міласць за жыццёвы шлях даўжынёй у 100 год.

Ніна СТАЛЯРЭНКА