Вёска Сасноўка раскінулася на пагорках ля возера Гародна, вакол якога на многія кіламетры распасціраюцца магутныя сосны. Згодна старадаўнім паданням, велічныя сілуэты дрэў напамінаюць пра годнасць і прыгажосць людзей, якія тут жывуць.
Сасноўская зямля багатая на слаўную гісторыю, таму краязнаўчая дзейнасць з’яўляецца прыярытэтнай формай работы мясцовай бібліятэкі — яна прывівае чытачам адчуванне любові і павагі да родных мясцін, шукае новыя шляхі ў захаванні здабыткаў малой радзімы.
Больш за 30 год працуе ў Сасноўскай сельскай бібліятэцы Ніна Ларкова (на здымку). Па прафесіі яна заатэхнік, але змяніць спецыяльнасць прымусілі сямейныя абставіны, і новая пасада прыйшлася ёй даспадобы. Ніна Лявонаўна — чалавек неардынарны, натхнёны, неабыякавы да ўсяго, што адбываецца ў краі, які для яе, дзяўчыны з Талачынскага раёна, стаў сапраўды родным. Яна вызначыла для сябе важны прынцып: «Галоўнае — паставіць мэту, набрацца цярпення і шчыра любіць сваю працу».
Доўгі час Ніна Лявонаўна збірала этнаграфічныя, тапанімічныя матэрыялы, вывучала традыцыі мясцовасці. Не адзін дзень правяла ў сховішчах абласнога архіва, раённага музея, вяла перапіску з Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі, адкуль атрымала звесткі пра сасноўскі край з часоў XVІІ стагоддзя.
З кожным разам інфармацыі прыбаўлялася. Так прыйшло рашэнне стварыць пры бібліятэцы краязнаўчы клуб «Пошук». Не адно пакаленне «пошукаўцаў» змянілася за гэты час. Дзякуючы іх працы, летапіс вёскі час ад часу дапаўняўся, адкрываліся новыя імёны, малавядомыя падзеі і факты. Уся знойдзеная інфармацыя была сістэматызавана ў шасці альбомах, якія знаходзяцца ў бібліятэцы.
З дапамогай удзельнікаў краязнаўчага клуба Ніна Лявонаўна сабрала для будучых пакаленняў унікальны матэрыял ад сваякоў салдат, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны: лісты з фронту, фотаздымкі, паштоўкі, успаміны, афіцыйныя матэрыялы аб узнагародах. Таксама сабрана багатая інфармацыя аб торфаздабываючым прадпрыемстве «Гармох», якое ўзнікла ў 1933 годзе.
Пяць год таму прыйшло рашэнне перапрацаваць і перааформіць усю назапашаную інфармацыю ў краязнаўчы даведнік па родным краі «Любы сэрцу сасновы край…», за які Сасноўская сельская бібліятэка была ўдастоена ІІ месца па выніках рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры» ў намінацыі «За пошукавую і даследчую працу». Але дзейнасць на гэтым не спынілася. Нездарма кажуць, што краязнаўства — гэта стан душы. І так цудоўна, што ёсць людзі, якія, нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці, захоплена займаюцца вывучэннем гісторыі роднага краю, пошукамі сваіх каранёў, перадаюць гэтыя веды маладому пакаленню.
Наступны даследчы праект бібліятэкі быў звязаны з вывучэннем радаводу землеўладальнікаў краю Магучых і Шавярноўскіх, патомкі якіх пражываюць у Расіі і Польшчы. Вынікам пошукавай дзейнасці стаў імідж-праект «Радавод уладальнікаў зямлі сасноўскай», які атрымаў дыплом ІІ ступені ў ХХVIII рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры».
Штогод у бібліятэцы праводзяцца цікавыя па зместу, неардынарныя па форме мерапрыемствы, мэта якіх — абудзіць у падрастаючага пакалення цікавасць да гісторыі краю, рэкламаваць магчымасці бібліятэкі ў краязнаўчым накірунку.
Вялікую ўвагу бібліятэкар надае добраўпарадкаванню прылягаючай тэрыторыі, афармленню бібліятэчнай прасторы ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. На бібліятэчным падворку сёння можна ўбачыць не толькі эстэтычна аформленыя кветнікі, малыя архітэктурныя формы, але і зоны для адпачынку і чытання: шацёр з густога лісця і лаўкай, дзе можна схавацца ад спякоты, глядзельная пляцоўка з відам на возера, «чытаючы балкон».
Ніна Лявонаўна пераканана, што кожны чалавек павінен пакінуць добры след пасля сябе, каб нейкія здабыткі перадаць сваім нашчадкам. Чалавек адкрыты, творчы, неардынарны, ў душы бібліятэкар застаецца тонкім лірыкам — піша цудоўныя вершы пра сваю вёску і вяскоўцаў, сэнс жыцця, родную зямлю.
Андрэй Струнчанка