Гаспадыня Заронаўскага музея Людміла Нікіціна прапануе экскурсантам стравы беларускай нацыянальнай кухні.

Кожны, хто хоць аднойчы заязджаў у вёску Заронава, абавязкова патрапляў на экскурсію ў музей «Гісторыя Заронаўскага краю» ДУА «Заронаўскі дзіцячы сад Віцебскага раёна». За 35 год існавання ўстановы змянілася многае: створаны новыя залы і экспазіцыі, рэалізаваны многія краязнаўчыя праекты, але гасціннасць і шчырасць стваральніка музея засталіся нязменнымі і сёння.
Кожнаму госцю на парозе ў «Беларускую хату» кажуць: «Першая зала — этнаграфічная, дзе бульба з печы — ежа экзатычная» і нездарма, бо бялюсенькая захавальніца цяпла справа ад уваходу не экспанат, а самая сапраўдная печ. У ёй Людміла Нікіціна гатуе для наведвальнікаў стравы беларускай нацыянальнай кухні з вясковым каларытам. І ўжо напрыканцы экскурсіі за вялікім сталом дзівосным карагодам віруюць бабка, дзеруны, бандыты, аладкі з макам, верашчака, якія наганяюць апетыт на духмяныя гарачанькія прысмакі.
Здзіўляе гасцей Людміла Канстанцінаўна не толькі варыяцыямі з бульбы, але і пірагамі, блінцамі, пернікамі. Маюць папулярнасць падчас чаявання яўрэйскі пірог з купастай і яйкам, маннік. Спецыяльна для нашага праекта «Гастранамічны турызм Прыдзвіння» гаспадыня прыгатавала новы кулінарны шэдэўр пад пазітыўнай назвай «Гарбузовая радасць». Для яго спатрэбяцца: 300 грамаў свежага гарбуза, 150 грамаў цукру, 3 яйкі, шклянка мукі, 15 грамаў разрыхляльніку і 150 — алею. Яйкі трэба ўзбіць з цукрам да пышнай масы, дадаць нацёрты на крупнай тарцы гарбуз, муку змяшаць з разрыхляльнікам і ўвесці ў сумесь, алей дадаць у цеста і змазаць ім форму для выпякання. Паставіць у печ прыкладна на 25-30 хвілін.
Усяго паўгадзіны — і на стол падаецца духмяны пірог ярка-рыжага колеру. Салодзенькія кавалкі печыва проста растаюць у роце, а рука цягнецца за новай порцыяй. Тут ужо падаспеў пузаты велікан-чайнік, з якога гаспадыня налівае гарбату з траў, якія былі засушаны актывам музея ў сезон. Мята, чабор, кветкі ліпы і лаванда — усё гэта дары заронаўскай зямлі, якія гарантуюць не толькі асалоду, але і бадзёры настрой.


Вось так, кожны дзень шчыруе гаспадыня Нікіціна ў сваім культурна-адукацыйным комплексе, аддаючы справе ўсяго жыцця сваё сэрца і душу, таму і едуць сюды няспынна зацікаўленыя турысты і замежныя госці.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота аўтара