Вёска Падбярэззе — на парозе вялікіх перамен. Імі жылі месцічы на працягу апошніх шасці месяцаў, пакуль рэалізоўваўся першы этап міні-праекта «Падбярэзскі куфар». За гэты час удалося ўзнавіць гісторыю стварэння гэтага мястэчка, цікавыя факты, імёны знакамітых людзей, якія працавалі і жылі тут. Не выключаюць, што багатая гістарычная спадчына будзе падмуркам для будучага цэнтра турыстычнага бізнэсу, або цэнтра дзелавога турызму, які паспрыяе развіццю прадпрымальніцтва і павышэнню іміджу раёна. Форма яшчэ будзе знойдзена. Пакуль жа ў маляўнічым кутку Прыдзвіння навукоўцы і даследчыкі прэзентавалі свае распрацоўкі. Адбылося гэта на свяце вёскі.
В. Кірылава, Д. Надзірашвілі, С. Янчык
Месцічы, узгадваючы гісторыю населенага пункта, асаблівую ўвагу звяртаюць на саўгас, які быў арганізаваны, калі Падбярэззе знаходзілася ў складзе Ялагінскага сельскага Савета. У 1934 годзе ён быў перададзены ветэрынарнаму інстытуту, які стаў выкарыстоўваць саўгас у якасці падсобнай вучэбнай гаспадаркі. З гэтага часу пачалася гісторыя некалі аднаго з найбуйнейшых у раёне працоўных калектываў з цэнтрам у в. Падбярэззе.
Населены пункт набыў новае аблічча. Тут будаваліся двухпавярховыя дамы, асфальтаваліся вуліцы. З ліпеня 1954 года ён — у складзе Бабініцкага сельсавета. Сядзібамі прырос і ў новым стагоддзі. Напачатку дзвюхтысячных калгас “Альгоўскае”, які пасля некалькіх рэарганізацый стаў гаспадарыць на зямлі, будаваў тут службовае жыллё для сваіх працаўнікоў: механізатараў, жывёлаводаў, спецыялістаў. Так, выраслі дзве новыя вуліцы — Навасёлаў і Маладзёжная.
На сённяшні дзень, па звестках сельвыканкама, у Падбярэззі налічваецца 172 двары, прапісана 435 жыхароў. Многія працуюць на дзвюх малочна-таварных фермах, вытокі адной з якіх у славутай сваімі высокімі надоямі малака аднайменнай школы-фермы. З сацыяльных аб’ектаў — магазін ды сельскі клуб. Зусім нядаўна, дзякуючы праекту “Падбярэзскі куфар”, які стаў пераможцам конкурсу “Жывая гісторыя майго краю” і атрымаў еўрапейскі грант на рэалізацыю і падтрымку інстытута міжнароднага супрацоўніцтва нямецкай Асацыяцыі народных універсітэтаў, на карце прыгараднай вёсачкі з’явілася яшчэ адна ўстанова ва ўстанове: музей побыту мясцовага сялянства, які размясціўся ў будынку клуба. Урачыстае яго адкрыццё адбылося на свяце населенага пункта. Першых наведвальнікаў на выставу запрасіў памешчык Косаў, які ў 1905 годзе гаспадарыў тут і, дарэчы, заклаў традыцыю правядзення творчых вечарын.
Усё, што ўбачылі наведвальнікі выставы, — справа энтузіястаў, якія, атрымаўшы падтрымку Віцебскага райвыканкама напачатку гэтага года, пачалі даследванне мястэчка. “Рухавіком” выступіла кіраўнік “Падбярэзскага куфара”, член Асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў Валянціна Кірылава. Аднак, як сама зазначае, падняць такі пласт гісторыі ёй было б не пад сілу, калі побач не знаходзіліся б знаўцы гісторыі, супрацоўнікі архіваў і проста зацікаўленыя людзі. Літаральна па крупінках яны збіралі фотадакументы, прадметы быту, рамяства, каб перадаць іх у будучы музей вёскі. Свой уклад унеслі Таццяна Васільеўна Ільянкова і Ніна Міхайлаўна Грыгор’ева. Іх скарб, пакладзены ў “куфар”, — саматканыя дываны і ручнікі, калаўроты.
Ніна Міхайлаўна прызналася, што з лёгкасцю расталася са сваёй калекцыяй вышыўкі, некаторым рэчам з якой нават больш за 70 год. Жанчына кажа, што нават і не думала, што камусьці гэта спатрэбіцца. Ёсць вырабы аўтэнтычныя, а ёсць і тыя, што запрыкмеціла ў свой час у часопісе «Работніца і сялянка». Многія работы стварала, ахвяруючы іншымі, яна іх проста распускала, абгрунтоўваючы гэта тым, што не было нітак.
Ад духоўнай культуры, якую праз стагоддзі захавалі тутэйшыя, да культуры земляробства — усяго некалькі крокаў. Адразу за населеным пунктам раскінуліся нівы і палеткі калгаса “Альгоўскае” — аднаго з найбольш развітых і паспяховых сельгаспрадпрыемстваў Віцебшчыны. Прадстаўнікі яго калектыву штогод перамагаюць ў рэспубліканскім фестывалі працаўнікоў вёскі “Дажынкі”, удастойваюцца прэмій за дасягненні высокіх паказчыкаў у вытворчасці зерня і жывёлагадоўчай прадукцыі. Таму не выпадкова, чаму на адным з банераў, якія размешчаны на старажытных будынках, знаходзіцца інфармацыя пра кіраўніка гаспадаркі Дземіко Надзірашвілі, а побач — Станіслава Янчыка, пры якім вучгас “Падбярэззе” дасягнуў найбуйнейшага росквіту. Ён і зараз заўсёды цікавіцца справамі ў гаспадарцы. Таму з асаблівай цікавасцю два гаспадары зямлі слухалі гістарычны аповед пра эканамічнае жыццё вёскі, бо лічуць: мілулае — падмурак сучаснасці. Для сённяшніх земляробаў — гэта прагрэсіўныя метады вядзення гаспадаркі таварыства віцебскіх сельскіх гаспадароў, якія развівалі культуру земляробства некалькі стагоддзяў таму.
Станіслаў Мікалаевіч зазначыў, што, дзякуючы гэтаму праекту, населены пункт папрыгажэў, шмат зроблена па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Аднак самае галоўнае — змяніліся адносіны людзей да гістарычнай памяці. Сёння яны клапоцяцца не толькі пра тое, каб зрабіць нешта новае, а каб за гэтай справай не страціць здабыты скарб і пакласці яго ў “куфар” для будучых пакаленняў. Тых, хто будзе гаспадарыць на гэтай зямлі заўтра.
Альгоўскія артысты
У Год гасціннасці ініцыятыўная група спадзяецца, что вёсачка пад Віцебскам у хуткім часе стане вядома далёка за межамі раёна, вобласці, садзейнічаць гэтаму будзе “Падбярэзскі куфар”. Праект адкрывае турыстычныя перспектывы, пра гэта казалі на свяце вёскі. Яе жыхары мяркуюць, што хутка будуць прымаць госцейкаў: ім ёсць, што паказаць і пра што расказаць. Гэта яны прадэманстравалі на свяце населенага пункта. Раздзяліць святочны настрой з месцічамі прыехала шмат люду, які ў храналагічнай паслядоўнасці ўзнавіў гісторыю Падбярэззя. На імправізаванай сцэнічнай пляцоўцы калектывы мастацкай самадзейнасці і творчых аб’яднанняў Альгоўскага Дома культуры змянялі артысты культурна-гістарычнага комплексу “Залатое кола Віцебска “Дзвіна”, шоу-балет “Сенсацыя” і іншыя.
Таццяна Дзіканава.
Фота аўтара.
Як жа так? Спасибо пруф