Пад дэвізам «Дай разгрузку мове русскай, размауляй па-беларуску» прайшла акцыя ў Капцянскай базавай школе, ініцыятарам якой стала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алёна Кліндухова. Мерапрыемства ўжо палюбілася вучням. Нагадвае яно віктарыну: дзеці выцягваюць са скрынкі паперкі, на якіх напісаны словы на рускай мове. Калі вучань ведае пераклад на беларускую, то атрымлівае цукерку.
На здымку: Алёна Кліндухова з вучаніцай Лізай Сурковай.
Знакавай падзеяй у школе стаў тыдзень беларускай мовы і літаратуры, у якім удзел прымалі ўсе вучні: прайшлі міжкласавыя спаборніцтвы на веданне мовы. Хлопчыкі і дзяўчынкі разгадвалі рэбусы, адказвалі на пытанні віктарын, а яшчэ праводзілі музычныя перапынкі, на якіх спявалі песні беларускіх аўтараў.
— Раней многія думалі, што беларуская эстрада прадстаўлена толькі групай «Песняры». Але ў рамках тэматычнага тыдня мы перапявалі «J: Морс» і іншых выканаўцаў. Так дзеці пазнаёміліся з творчасцю беларускіх спевакоў, — дзеліцца Алёна Кліндухова. — Пасля тыдня хлопцы доўга яшчэ заслухоўваліся беларускімі выканаўцамі, сярод якіх ужо і куміраў сабе абралі.
Няма больш шматграннай прафесіі, чым настаўнік. Бо ён павінен злучаць у сабе інтэлект вучонага, талент акцёра, перакананасць палітыка, гібкасць дыпламата, вытрымку разведчыка, асцярожнасць сапёра і гэта яшчэ не ўсе якасці сапраўднага педагога. Вось і настаўніца Капцянскай школы раз за разам адкрывае для сябе новыя бакі і старонкі навучання. Раніцай яна Алёна Іванаўна, вечарам — любімая маці і жонка, у субботу і нядзелю — проста жанчына. Прафесію сваю яна любіць насуперак цяжкасцям: адначасова трэба і ў галаве вялікі аб’ём інфармацыі трымаць, і за дысцыплінай у класе сачыць, і памятаць, што да вячэры купіць і чым родную дачушку на выхадных папесціць.
— Мама мая была настаўніцай, — распавядае Алёна. — І калі прыйшоў час выбіраць, куды мне паступаць, я прыслухалася да мамінай парады і падала дакументы ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава. І яшчэ ні разу не пашкадавала.
Дзяцінства будучага педагога прайшло ў гарадскім пасёлку Лельчыцы Гомельскай вобласці, пазней усей сям’ёй пераехалі ў Браслаў. Пасля ўніверсітэта па размеркаванні адпрацавала пару гадоў у адной са школ абласнога цэнтра. А далей сям’я, дзіця …
— Як вярнулася з дэкрэта, уладкавалася псіхолагам у дзіцячы сад, — працягвае Алёна Іванаўна. — Аднак зразумела, што не магу я без школы! А тут знаёмая паведаміла, што ёсць месца ў капцянскай установе адукацыі. Так я сюды і трапіла.
Аграгарадок спадабаўся маладой настаўніцы, хоць жыве з сям’ёй у горадзе. Транспартная сувязь цалкам задавальняе, прызналася яна.
— Пакуль еду на работу, чытаю кнігі, — усміхаецца жанчына. — Я так з творамі сучасных аўтараў пазнаёмілася і любімага Васіля Быкава перачытала.
Сярод сучаснікаў педагог, дарэчы, фаварытаў не вылучае, кажа, што «да адвагі і псіхалагізму Быкава ўсе яны не дацягваюць». Але пра навінкі ў беларускай кніжнай індустрыі вучням распавядае, стараецца такім чынам прывіваць густ маладому пакаленню не толькі да літаратуры, але і мовы беларускай. Вельмі засмучае Алёну Іванаўну, калі навучэнцы не прызнаюць роднай мовы, нават даследчую працу пра будучыню развіцця нашай мовы на раённы конкурс пісала з вучнямі: разбіраліся ў праблеме агульнымі сіламі.
Ёсць сярод школьнікаў актывісты, якія ўдзельнічаюць у конкурсах. Спецыяльны прыз у абласным дзіцячым спаборніцтве «Залатое пяро», напрыклад, атрымаў яе вучань Аляксей Кірылаў, з якім яны падрыхтавалі сачыненне пра любоў да вёскі на беларускай мове.
— А ў конкурсе «Казка — цудоўная краіна» атрымала перамогу мая вучаніца Ліза Суркова, — з гонарам распавядае настаўніца. — Сачыненне пісалі ўсе ў класе, але яе казка была лепшая.
У планах Алёны Іванаўны далей прывіваць любоў да роднай мовы. Дадатковай матывацыяй выступаюць яе выпускнікі, якія не забываюць ні мову, ні настаўніцу. У першыя выхадныя лютага прыйшлі з тортам у родную школу і за кубкам гарбаты размаўлялі на беларускай мове.
Зараз Алёна Кліндухова з’яўляецца класным кіраўніком шостага класа, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі праяўляюць вялікую цікавасць да беларускай літаратуры. Магчыма праз пару-тройку гадоў і яны прыйдуць, каб сказаць настаўніцы дзякуй і ўспомніць школьныя гады. Не выключана, што хтосьці па прыкладзе педагога вывучыцца на настаўніка беларускай мовы і літаратуры і працягне справу Алёны Іванаўны — будзе прывіваць наступным пакаленням любоў да роднай мовы.
Вікторыя КАНАВАЛЕНКА